Лекі ад трасавіцы
Музей дзяцінства
Якога толькі ліха на свеце няма! Вось слухайце: аднойчы ў веснавую слоту цягнуліся па дарозе кудлатыя, брудныя і вельмі брыдкія з выгляду істоты. Адна гаварыць не магла, другая нічога не чула, трэцяя – не бачыла, чацвёртую ліхаманіла, пятая на гарачку пакутвала, шостая… Ат, не буду ўсіх пералічваць, бо так і занядужаць не доўга! Бо істоты гэтыя былі не звычайныя, кожная з іх – увасабленне нейкай хваробы. Усе разам зваліся яны Трасавіцамі, і кожная сваё імя мела: Нямея, Глухея, Сляпея, Агнея… Усяго істот трынаццаць! Здарожыліся яны, азалелі на халодным ветры і сталі шукаць, дзе б перадыхнуць і пагрэцца. Шусь у бліжэйшую хату, што пры дарозе стаяла.
Не паздаровілася б гаспадарам ад такіх гасцей – яны з парога на людзей кідаюцца. І людзі хварэць з гэтага пачынаюць. Але на печы, увязаныя чырвонай нітачкай, віселі трынаццаць лялечак, кропля ў кроплю Трасавіцы! Нязваныя госці на іх накінуліся і ў іх пасяліліся! Вось так уратавалі лялечкі гаспадароў. Завуцца гэтыя лялечкі таксама Ліхаманкамі (або Трасавіцамі) і мусяць адважваць ад людзей розныя нядужасці. Вось якія цудоўныя лекі!
Належаць Трасавіцы да ліку традыцыйных народных абярэжных лялек. А ёсць яшчэ абрадавыя лялькі, якія дапамагаюць ладзіць важныя для жыццядзейнасці абрады – купальскія, калядныя, масленічныя. Ёсць лялькі гульнявыя – з імі дзеці гуляюць.
Паводле даследчыкаў традыцыйнай народнай лялькі, абярэжных і абрадавых лялек налічваецца каля трыццаці. У кожнага народа яны свае, створаныя згодна ўласным уяўленням пра свет. Але вельмі шмат у іх і падабенства, бо паўсюль у людзей аднолькавы клопат і жаданне быць здаровымі, шчаслівымі, прага абмінуць ліха і займець дабрабыт.
Вельмі шмат агульных лялек у народаў-суседзяў. Беларускія, украінскія, рускія, польскія традыцыйныя народныя лялькі з анучак вельмі падобныя і па сваім прызначэнні, і па выкананні. Яны ствараюцца без дапамогі нажніц і голак, анучкі рвуцца рукамі. Абрадавым і абярэжным лялькам не малюецца твар.
У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі фабрыкі пачалі выпускаць шмат разнастайных цацак – у тым ліку і лялек – на традыцыйных народных лялек з анучак забыліся. Толькі дзякуючы этнографам – людзям, якія вывучаюць даўніну, – захаваліся і звесткі пра лялек, і навыкі іх вырабу. Каб не распытвалі ў бабуляў па вёсках, якія лялькі былі ў іх дзяцінстве, каб не пераймалі ад іх умельства іх вырабляць, не запісвалі б гэтыя веды – быў бы згублены цэлы лялечны свет!
Да яго апошнім часам вялікая цікавасць! Даведацца пра кожную з лялечак – значыць, вывучыць і нейкую народную традыцыю, спасцігнуць ход думак сваіх продкаў. І, канешне ж, сваімі рукамі стварыць маленькі цуд!
У Музеі дзяцінства (www.museumd.by) традыцыйным народным лялькам з анучак прысвечана асобная экспазіцыя. Ладзяцца тут і майстар-класы, на якіх можна навучыцца скручваць лялькі.
Алена МАСЛА