Адзіны друг
Уладзікаў тата, вярнуўшыся з працы, адразу ж паведаміў:
– У нас, дарагія мае, заўтра будзе госць! Мой лепшы студэнцкі сябра. Завуць яго Міколам, а жыве ён ажно ў Туркменіі. І прыедзе не адзін Мікола, а са сваім сябрам. Заінтрыгаваў?
Мае мама і тата ўмеюць сустракаць гасцей. Добра, што заўтра субота, таму ў аэрапорт паехалі ўсе разам. Па дарозе тата спыніў легкавік каля крамы, кінуў кароткае: “Пачакайце, я хутка!”, а потым знік.
– Нешта забыўся яшчэ купіць, – здагадалася мама.
Накупілі ж зранку, здаецца, усяго. А ён, бачыце, штосьці забыўся. Бывае. Неўзабаве тата вярнуўся з кульком, падаў мне:
– Трымай, Мацвей.
– Што гэта? – не зразумеў я, а тады дастаў з кулька пакецік, на якім прачытаў: “Корм для сабак”.
Вось, значыць, з якім сябрам прыедзе татаў дзядзька Мікола! Я адразу ўявіў, як будзе несці ён на руках сабачку. На самой справе ўсё атрымалася не так. Дзядзька Мікола вёў сабаку на ланцужку, той паслухмяна трухаў за ім, уважліва разглядаючы людзей, нібы хацеў здагадацца, хто тут яго сустракае.
Ужо дома я бліжэй пазнаёміўся з Мухай, сапраўднай нямецкай аўчаркай. Я нават вывеў яе на вячэрнюю прагулку. Спярша маці ўпарцілася, не дазваляла, але дзядзька Мікола супакоіў: “Не хвалюйцеся, усё будзе добра. Муха ўмее цаніць дружбу”.
Праз некалькі дзён госці паехалі. Я сумаваў па сабаку, бо хацеў, каб ён жыў у нас. Але тата мне сказаў, што сёння ў дзядзькі Міколы гэта адзіны друг. Зараз я зноў чакаю іх у госці!
Васіль Ткачоў