Бліночак з неба
У пышных крыштальных палацах жыла каралеўская дачка, пястушка-ласуначка. Ёй жылося так добра, што ні пяром апісаць, ні ў казцы расказаць. Найлепшыя ткачыхі ткалі ёй шоўк на адзенне. Найлепшыя краўчыхі шылі ёй убранні залатымі ніткамі. Найлепшыя шаўцы майстравалі ёй боцікі аксамітныя, аздобленыя дыяментамі. Дванаццаць рабынь-нявольніц расчэсвалі ёй дванаццаць разоў на дзень ільняна-прамяністыя косы снежна-белым грэбенем са слановай косці.
Ела пястушка-ласуначка салодкія пернікі з мёдам. Смятанкай залівала, малачком запівала. Спала пястушка-ласуначка на пуху лебядзіным і ні аб чым не думала, не клапацілася. Аб усім думалі і клапаціліся яе нявольніцы-прыслужніцы.
І чаго-чаго з дуру-дуронніцтва пястушка-ласуначка ні вырабляла. А чаго б яна ні жадала ¾ усё ёй падавалася.
Аднаго разу пястушка-ласуначка ўгледзела на небе яснае сонейка. Падумаўшы, што сонейка вельмі смачная рэч, каралеўна пачала ножкамі перабіраць і прасіць:
¾ Дайце мне бліночак з неба! Хачу паспрабаваць на смак!
Спалохаліся-спужаліся прыслужніцы-нявольніцы. Напяклі для каралеўны смачных бліноў, падрумяненых-падмалёваных, намядованых-нацукрованых, бліскучых, пахучых і зграбненькіх-кругленькіх, як само сонейка.
¾ Дайце мне бліночак з неба, ды і годзе! ¾ лямантавала пястушка-ласуначка.
Што тут рабіць ды што тут дзеяць? Ніякай радачкі не дасі!
Пястушка-ласуначка перастала есці і піць, і давай плакаць і слёзы ліць у тры ручаі: дайце ёй бліночак з неба, і ўсё.
А калі плача каралеўская дачка, дык гэта не жарты. Кожная слёзка яе можа затапіць, загубіць сотні людзей.
Нахмурыў густыя бровы бацька-кароль, і доўга думу думаў, і зазлаваўся. А калі злуецца кароль, дык тады ўсё каралеўства дрыжыць ад страху ды чакае заслужаных ці незаслужаных караў.
Гнеў караля дарма не праходзіць.
І кароль загадаў сваім падданым дастаць для яго дачушкі бліночак з неба. Іначай усе падданыя, і старыя, і малыя, будуць калыхаць нагамі ў паветры. Гэта значыць, што ўсе будуць павешаны.
А вісець ― штука нясмачная, хоць і ад рук караля. Тут ужо радачкі не дасі ― трэба дастаць бліночак з неба для пястушкі-ласуначкі.
І падданыя караля ― мужчыны і жанчыны, старыя і малыя ― караскаліся на высокія горы, каб дастаць бліночак з неба ― яснае сонейка ― на пацеху для пястушкі-ласуначкі!
На самым высокім піку самай высокай гары яны пабудавалі высокую вежу. На вежы яны паставілі высокія драбіны.
Але чым вышэй людзі падымаліся ўгору, тым вышэй падымалася неба над іх галовамі. Сонца толькі смяялася з іх.
― Не дамся вам у рукі дзеля забавы нейкай дзяўчынкі-пястухі.
― Але ж яна каралеўна!
― Няхай сабе каралеўна.
― Але ж кароль нас усіх пакарае смерцю, калі мы цябе не дастанем.
― Не маю часу я з вамі валаводзіцца, ― сказала сонейка, ― бо трэба даць святло і цяпло ўсяму вялікаму свету. Іначай пад цемрай і холадам на ўсёй зямлі запануе смерць.
І падданыя караля не маглі дастаць для яго дачкі бліночка з неба. І за гэта ўсе да аднаго чалавека былі пакараны смерцю. Шыбеніцы былі пароблены па ўсім каралеўстве. Ад вялікага страху падданыя самі лезлі на шыбеніцы і паміралі. Апусцела цэлае каралеўства і зарасло дзікай травой. Без падданых, з вялікай нуды, памёр і сам кароль. А яго дачка пястушка-ласуначка засталася жыць пад абаронай нявольніц-прыслужніц. А без наганяю караля ў рабынь-прыслужніц прапаў страх. А як прапаў страх, дык яны сарвалі з пястушкі-ласуначкі шоўк, накінулі ёй на плечы зрэбную тканіну, далі ў рукі акраец чорнага хлеба і выгналі з палацаў.
І пайшла адна-адзінюткая каралеўская дачка ў шырокі свет. Ішла-брыла па лясах-палях, па балотах-пустках. Усе слёзы выплакала, усе стогны выстагнала, усе сцежкі вытаптала. Паглядала каралеўская дачка ўгару на сонейка ды ўсё шаптала:
― Бліночак з неба! Бліночак з неба!
Так вось абышла каралеўна ўвесь свет і вярнулася назад у роднае апусцелае каралеўства.
І цела яе было ўсё ў ранах крывавых, аднак яна ад свайго жадання не адступілася і ўсё паглядала ўгару на сонейка.
І неба ўтварыла цуд.
Вецер-віхор таргануў усё каралеўства, вырваў яго з карэннем і панёс угару пад неба. А на месцы каралеўства засталося мора-акіян. А каралеўская дачка, і ўсе пакараныя смерцю падданыя, і сам кароль парабіліся воблакамі-хмарамі…
Вецер гоніць людзей-воблакаў ва ўсе бакі, а яны ўсе імкнуцца ўгару, каб сарваць бліночак з неба.
А часам людзі-хмары затуляюць сабой сонца яснае. На зямлі робіцца цёмна і непрытульна. Але сонейка не даецца ім у рукі.
І плачуць хмары-людзі аб тым, што сонца ім у рукі не даецца. І слёзы іхнія льюцца дажджом на зямлю.
Гэтак вечна будуць яны ганяцца за сонейкам і ніколі яго не схопяць. Вечна плакаць будуць і назаўсёды хмарамі застануцца.
Нялёгка сарваць бліночак з неба. Мець бы ў дастатку аржаных бліноў!
Змітрок Бядуля