Вершы Міхася Башлакова
Вясна
Блакіт нябёсаў.
І блакіт пралесак.
Рудое сонца
Між бяроз брыдзе.
Вясна зрабіла
Фотаздымкі лесу
І картачкі
Пакінула вадзе…
Гарэза дождж
Ох жа гэты гарэза дождж,
Сыпануў – і па лужах пабег,
Як суседскі хлапчук, басанож, –
Следам коціцца сонечны смех.
Падстаўляю далоні: звініць,
Дождж струменіць, гамоніць, пяе.
І вясёлка над вёскай вісіць,
Усміхаецца фарбамі мне.
Ох жа гэты гарэза дождж:
Сонца свеціць, а ён ідзе…
Як суседскі хлапчук, басанож,
Скача дождж, цёплы дождж па вадзе.
Пачатак
Лес пачынаецца з зязюлі.
Нябёсы – з песні жаўрука.
Людская дабрыня – з матулі.
З крыніцы – шумная рака.
З хусцінкі белай – развітанне.
Сустрэча – з радасці чакання.
Прастор – з бязмежнасці палёў.
Смак хлеба – з нашых мазалёў.
Мой сокал
Узляцець бы высока.
Сакаліны ўзрост.
Сокал, ясны мой сокал,
Кінь мне песню з нябёс.
Сакаліную самую
З-пад аблокаў на шлях,
Каб, як сокал, душа мая
Трапятала ў грудзях.
Каб зырчэла рабінаю
На ўскрайку сяла,
Песняй каб сакалінаю
Над Палессем плыла.
Каб лунала высока
У блакіце нябёс.
Сокал, ясны мой сокал,
Мая песня – мой лёс.
Спасибо