Сон у руках
Крышку пра кніжку
Хочаш, дружа, даведацца, дзе начуе Сонейка?
Аднойчы дапытлівы Пастушок кінуўся яму наўздагон. Прадзіраўся праз лясны гушчар, які насялялі дзіўныя Лясныя Істоты. Упарта караскаўся на стромкую гару. А Сонейка раз – і схавалася за яе высокай вяршыняй.
Ох, як жудасна апынуцца ў цёмным-цёмным лесе аднаму! Дзіва, што Пастушок заплакаў: “Як жа мне выбрацца адсюль?” Раптам наляцела віхура, падхапіла хлопчыка і перанесла на чароўную паляну…
Кніга-казка Людмілы Стружэцкай “Ноч Жука-Светлячка” расказвае пра тое, што свет поўны цудаў і добрых сяброў. Варта толькі самому быць гатовым да сустрэчы з імі. А герой, Пастушок, менавіта такі: смелы, дапытлівы, цікаўны. Вось цёмны лес і падараваў яму спатканне са Светлячкамі. У іх – свая навука, якой яны шчодра падзяліліся з Пастушком, – Азбука Свячэння. Каб асвятляць цемру, трэба валодаць ёй дасканала! А яшчэ новыя сябры наказалі хлопчыку: “Якімі б ні былі выдатнымі іншыя мясціны, памятай заўсёды, дзе твая хата і дзе ты нарадзіўся”.
Кніга беларускай аўтаркі на беларускай, польскай і рускай мовах выйшла ў Беластоку – польскім горадзе, у якім жыве шмат этнічных беларусаў. Аздобіла яе выдатная беларуская мастачка Рыта Цімохава. Выданне атрымалася сапраўды казачным, загадкавым, таямнічым – нібыта ў чытача з’явілася магчымасць патрымаць у руках прыгожы сон.
Алена Масла