Святло дзяцінства
Дзяцінства… Яно заўсёды сагрэта ўсмешкамі матулі, таты, бабулі, дзядулі, усіх родных, дарагіх людзей. Дзяцінства – чароўная, непаўторная краіна, куды заўсёды хочацца вярнуцца хоць на хвіліначку і ў сталым узросце. Гэта самая любімая казка, населеная незвычайнай любоўю да людзей, да ўсяго жывога. Цёпла ў той краіне і светла. Калі не свісцяць кулі, не рвуцца бомбы над галовамі дзетак.
У такую Краіну (цёплую, светлую, радасную) запрасіла дзетак нашай краіны ХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава “Свет дзяцінства 2016”, што праходзіла ў выставачным цэнтры БелЭкспа. З вялікай ахвотай прынялі ў ёй удзел і супрацоўнікі дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся”. У гэтыя дні ім даводзілася пераўвасабляцца не толькі ў герояў сваіх твораў, расказваючы аб іх зацікаўленым дзецям, але і прадаваць сваю прадукцыю. І кожнае дзіця, што падыходзіла са сваімі бацькамі да нашых стэндаў, не засталося незадаволеным! Кожны жадаючы змог азнаёміцца з нашымі часопісамі. Увазе наведвальнікаў былі прэзентаваны цікавыя праекты часопісаў: “Скарбы Нясвіжскага замка”, “Школка Грошыка”, “Жывая класіка”, “Хвілінкі-весялінкі”, “Музей дзяцінства”, “Лізавецінкі”…
Дзеці з радасцю слухалі пра конкурсы “Чароўны куфэрак”, “Зялёная жабка”, абяцалі дасылаць туды свае малюнкі, вершы і казкі. А некаторыя чытачы нават спявалі ля стэнда “Вясёлкі” і “Бусі”! Прыемна, што нашы часопісы набывалі госці з замежжа – Кітая і Казахстана.
Чытачы адзначалі арыгінальны дызайн “Вясёлкі” і “Бусі”. Многія фатаграфаваліся на фоне фірменных рулапаў рэдакцыі. Радасна было бачыць людзей, зацікаўленых дзіцячай літаратурай.
Асаблівай папулярнасцю карысталася кніга Уладзіміра Ліпскага і Раісы Баравіковай “Бусева школка казкі”. Ёй зацікавіліся як бацькі, так і дзеці. І гэта не дзіўна – нашы знакамітыя пісьменнікі, лаўрэаты Дзяржаўных прэмій, напісалі яе спецыяльна для дзяцей, якія пачынаюць знаёмства з беларускім алфавітам і лічбамі. Кніга напісана жывой мовай, мае шмат займальных казачных гісторый і аздоблена прыгожымі малюнкамі. Нават самыя-самыя маленькія цягнулі да яе ручкі!
Дар’я Лёсава