Бабуля і Сонца
Жыла-была на свеце Бабуля. Яна і сама не заўважыла, як састарэла. Раптам, нібыта ў адно імгненне, адчула сябе нямоглай і нікому не патрэбнай. Але, як ёй ні было цяжка, кожны раз узнімалася з ложка, каб стаць на ногі. І кожную раніцу віталася з Сонцам, якое толькі-толькі ўставала на небе.
– Дзякуй табе, родненькае, што шкадуеш мяне. Каб не ты, я даўно б памерла. А так яшчэ цепліцца душа ў маім целечку.
І Сонца, здавалася, вельмі ўважліва яе слухала. Аднойчы, калі яна моцна заплакала, прамяні яго, як некалі рукі мамы, леглі на яе плечы і пачалі гладзіць. І з такою пяшчотай, што ёй захацелася спаць. І вочы яе заплюшчыліся, сагрэтыя незвычайным цяплом. І снілася ёй, што яна жыве ўжо на Сонцы…
Упершыню ў гэтай працяглай хваробе Бабуля прачнулася з усмешкай. Яна адчула сябе пасвяжэлай, пастаянны холад быццам бы сышоў. Узрадаваная, яна схапілася за кіёчак і рэзка рванулася, каб устаць на ногі. І гэта ёй удалося! Хістаючыся, яна падышла да акна і ўзрушана загаварыла, звяртаючыся да вялікага Сонца:
– Маё Сонейка! Ты ўзнімаеш кветкі і палеглыя травы, ставіш на ногі безнадзейна хворых. Але людзі, не задумваючыся, спажываюць тваё цяпло і святло. І забываюць за гэта падзякаваць. Забываюць пакланіцца табе! А ты ж – жывое! Ці не таму ты, Сонейка, аднойчы моцна раззлавалася і ледзь не спаліла Зямлю? Я тады зразумела твой гнеў. І малілася за тваё здароўе. І ты пачула мяне! Задыхаючыся ад моцнай спёкі, ледзь выпаўзла на вуліцу. А ты, вялікае і прыгожае, нібы чакала гэтага. Раз – і накінула на мяне свой залаты купал! Так нечакана, што я спуджана рванулася з-пад яго! Але той агонь не апёк мяне! Больш таго, у ім была прахалода і свежасць. Ах, той спалох! Я ўсё баюся, што мяне забяруць у невядомы свет. А я хачу жыць на сваёй Зямлі, тут быць карыснай.
Сонца ўзрушана ўсміхнулася. Падкацілася прама да вакна і само загаварыла:
– Ну-тка, выходзь да мяне на вулічку, будзем разам тэпаць! Бяры кіёчак і за мной!
Бабуля не магла аслухацца Сонца. З недаверам паглядзела на свае распухлыя ногі, але загадала ім: “Хопіць вам плюшкамі быць! Чуеце, што Сонца кажа? Трэба рухацца!”
І, перамагаючы боль, абаперлася на кіёк. І ўжо не паўзком, як дзіця, а стоячы на нагах, пайшла да дзвярэй. Абліваючыся потам, яна выйшла насустрач Сонцу. А яно ветла працягнула ёй сваю ручаньку-праменьчык:
– Абапірайся! Я павяду цябе туды, дзе ты па-сапраўднаму аніколі не была. Табе проста здавалася, што ты там была. Кожнаму чалавеку так падаецца, што ён шмат бачыць і чуе. А на самой справе…
Бабуля ўпершыню за працяглы час сваёй хваробы ўсміхнулася. Ёй спадабалася гаворка Сонца:
– Дзякуй табе, родненькае! Што б гэта табе ў знак удзячнасці зрабіць?
Сонца з яшчэ большаю сілай пасвяціла на Бабулю:
– За добрыя справы не трэба расплочвацца. Калі яны ад душы робяцца – толькі душою і аддаецца…
Дар’я ЛЁСАВА
класс