Цікавінкі ад Бульбіка і Журавінкі
4. Незвычайнае знаёмства
– Хочаце, пазнаёмлю вас са сваімі сябрамі? – спытала Журавінка і дзьмухнула ў маленькі свісток, які вісеў у яе на шыі.
Бульбік з самаходзікам убачылі, як нібы з-пад зямлі з’явіліся дзеці. Дзяўчаткі – у чырвоных і ружовых сукеначках, хлопчыкі – у цёмна-сініх нагавіцах і кашулях. Яны неслі ў руках кошыкі з ягадамі.
– Гэта мае сястрычкі, а гэта сяброўкі Бруснічкі, а гэта – сябрукі Буякі, – расказвала Журавінка. – Балотныя ягады – лекавыя, смачныя. Людзі думаюць, што яны на балоце растуць самі па сабе, бо не здагадваюцца, што мы тут жывем і ягады даглядаем. Мох узбіваем, каб карэньчыкам дыхалася лягчэй. Калі год засушлівы, носім ваду з балотных азёраў і паліваем.
5. “Цюцька”
Дзеці павіталіся. Дзяўчаткі ўзяліся за краёчкі спаднічак і дружна пакланіліся. А хлопчыкі спыталі:
– Хто такія? Адкуль будзеце?
– Я – самалёт-самаход, магу ператварыцца ў балотаход! – першым адказаў самалёцік-самаходзік. “Бр-р-рым!” – завурчэў ён, і вось ужо перад дзецьмі стаіць сапраўдны балотаход – спецыяльная машына з шырокімі коламі, на якой зручна ездзіць па балотах.
– Ух ты! – выгукнулі ўсе захоплена.
Бульбік разгубіўся. Самалёцік-самаходзік выглядаў сапраўдным героем. А Бульбіку таксама хацелася здзівіць новых знаёмых!
– А я… – пачаў ён. – А мне… – ад хвалявання хлопчык не мог падабраць слоў, каб расказаць пра сваю начытанасць і вучонасць. – А… А я ўмею ў “цюцьку” гуляць! Вось! Навучыць? – раптам прапанаваў Бульбік.
Такой гульні на балоце не ведалі і з радасцю пагадзіліся. Той, каму выпадала быць “цюцькам”, ганяўся за астатнімі. Каго першага дагнаў і крануў рукой, той “цюцька”. Дзеці скакалі з купіны на купіну і крычалі так голасна, што разбудзілі ахоўніка балота – Балотніка!
– Гэта што такое! – загрымеў ён, высунуўшыся з твані. – Марш па хатах! Хіба можна на балоце гоцаць – праваліцеся ў дрыгву! Хіба можна так крычаць – напалохаеце птушак, пакідаюць свае гнёзды! Зараз я вам!
І Балотнік выцягнуў свае даўжэзныя рукі ў бок дзятвы.
Але тыя пахапалі свае кошыкі з ягадамі – і ў балотаход!
6. “Дурніцы” на балоце
– Ну і страшыдла гэты Балотнік! – выдыхнуў Бульбік.
Але дзеці за яго заступіліся.
– Не дарма дзядуля Балотнік сварыўся! Мы на асцярогу забыліся. Добра, што зараз мы на балотаходзе – так бяспечней!
Самалёцік-самаходзік пачуў, што яго хваляць, і радасна пібікнуў. Бульбік круціў галавой, аглядаючы балотныя абшары, а дзеці-ягадкі цешыліся, што едуць на машыне.
– Глядзіце, – сказаў адзін з сябрукоў Буякоў, – вось тут, у зарасніках багуну, мы жывем.
– Праз гэты багун буякі дурніцамі празвалі! – дадаў другі.
Бульбік засмяяўся, а сябрукі Буякі пакрыўдзіліся.
– Нічога смешнага! – надзьмуліся яны. – Буякі вельмі карысныя ягады!
– Я не з ягад смяюся, – паспяшаўся запэўніць Бульбік, – а з ягаднікаў, якія не ведаюць, што галовы баляць ад паху багуну, а не ад буякоў! У кніжках пра гэта пішуць!
7. Знаёмства з драпежніцай
Сябрукам Буякам спадабалася выснова Бульбіка, і яны супакоіліся.
– Глядзіце, глядзіце, – зашапталі Бруснічкі, якія пільна ўглядаліся долу, – Расянка палюе!
Расянка – драпежная расліна. Танюткімі лісточкамі, абсыпанымі ліпучымі кропелькамі, яна ловіць мушак і камароў. Бульбік папрасіў прыпыніцца і скочыў долу. Ён скатаў шарык з паперы і кінуў на клейкія пялёсткі. Расянка схапіла здабычу, імгненне пасмактала і – цьфу!!! Выплюнула. Такі пачастунак ёй зусім не падабаўся.
– Ах ты гіцаль! – закрычала яна на Бульбіка. – Зараз як укушу!
Было бачна, у гневе Расянка гатова была пракаўтнуць крыўдзіцеля замест мушкі. Бульбік імкліва скочыў у балотаход. Дзеці няўхвальна глядзелі на яго.
– Ну і навошта ты крыўдзіў Расянку? – спытала Журавінка.
– Ды я хацеў на свае вочы пабачыць, ці праўду пра яе пішуць. Не падманваюць: сапраўдная драпежніца!
– Не рабі так больш, – строга сказала Журавінка. – На балоце кожны жыве сваім жыццём. Вунь, глядзі! – Журавінка паказала рукой у бок курганкоў, і Бульбік пабачыў дзьвюх вялікіх вужак. – Гэта балотныя гадзюкі Эрва і Шэрва. Атрутныя. Яны сябруюць, хоць і ўвесь час шыпяць адна на адну. А паспрабаваў бы ты іх падражніць, укусілі б! Трэба быць уважлівым і асцярожным.
– Ды ведаю я! – паспрабаваў апраўдвацца Бульбік. – Чытаў!
– Ну, а ведаеш, паводзь сябе так, каб нам за свайго госця сорамна перад балотнымі суседзямі не было! – падтрымалі Журавінку Буякі і Бруснічкі.
Бульбіку зрабілася сорамна. Каб зарабіць прабачэнне, ён прапанаваў:
– Давайце я вас ягадным кісялём пачастую!
Пра кісель усе чулі, а спрабаваць – не спрабавалі.
Ягад у дзяцей было поўныя кошыкі! А некалькі бульбінак на крухмал знайшлося ў заплечніку ў Бульбіка. Сябры выбраліся на ўзлесак, дзе было бяспечней разводзіць касцёр, і пачалі гатаваць.
8. Рэцэпты смакаты. Гатуем разам
Як зрабіць крухмал. Бульбу таркуюць на дробнай тарцы, адцэджваюць праз марлю і даюць пастаяць вадкасці. На дно асядае крухмал, лішкі вады зліваюць.
Як зварыць кісель. З ягад адціснуць сок. Жмых заліць кіпенем і крыху паварыць. Працадзіць праз марлю. Давесці зноў да кіпення. Развесці вадой крухмал і тоненькім струменем, без перапынку мяшаючы, уліць у кіпень. У канцы дадаць ягадны сок і, ледзь варыва закіпіць, выключыць.
Калі кісель зварыць вельмі густым (гэта залежыць ад колькасці крухмалу), яго можна есці лыжкай. І марозіва дадаць.
Смаката!
Працяг гісторый у наступным нумары.
Алена МАСЛА