На бабуліным падворку
Кураняты
– Вадзічак, ты чым заняты?
Разаб’ешся неўзнарок!
– Я выкладаю куранятам
Добрых правілаў урок.
Перастануць яны біцца,
Не збягуць абы-куды,
Будзе імі ганарыцца
Мама-курачка заўжды.
Пеўнік
За пеўнікам Мікітка сочыць,
Пакуль той на плот не ўскочыць,
Тады ўстане ў поўны рост
І ўхопіць пеўніка за хвост.
Гусак
Мікітка зноў набіў гузак.
Сказаў: – За мною бег гусак!
Па-іншаму ўсё быць магло,
Каб ён падставіў мне крыло.
Славік і індык
Дзед заходзіцца ад смеху.
Выйшаў Славік у даспехах:
З вядром на галаве і ў ботах.
Дзед пытаецца: “Дык хто ты?”
– Я ў курачак – за важака,
Адно баюся індыка!
Мурзік
Неяк раз гарэза Мурзік
Адарваў Мікітку гузік.
Хлопчык павагаўся трошкі
І пабег хутчэй да кошкі:
– Каб я не быў без гузікаў,
Ты выхоўвай Мурзіка.
Тузік
Мікітка галавой панік:
– Хіба сабака вартаўнік?
Я з Тузіка здыму ланцуг
І паімчуся з ім на луг.
Парсючок
У загародцы парсючок
Запэцкаў сёння свой бачок,
Каб ён не чмыхаў і не фыркаў,
Я пакармлю яго зефіркай.
Банцікі для каровы
Заўжды сыходзім мы з дарогі.
Баімся, бо ў каровы – рогі!
Ды, каб не тросся так Сярожа,
Хай рогі банцікі ўпрыгожаць.
Балея
– Не, унучак, то не ванна! –
Кажа ўнуку баба Ганна. –
Праз хвілінку асмялееш,
Станеш плёхацца ў балеі.
Збанкі
– Глядзі, цікаўны ты які!
Так, на штыкецінах збанкі.
Ты запытай лепш у сястрычкі,
Вы сёння пойдзеце ў лісічкі?
– Не, хай падкажа мне Агатка,
Ці ёсць у вас тут дзе рагатка?!
Дзяркач
Сунімай, Адэлька, плач.
Ля сцяны стаіць дзяркач.
Трэ бабуля ім падлогу,
А хто плача – таму ногі.
Піражок
Баба падыйшла да Ліны:
– Што вылепваеш ты з гліны?
Кажа Ліна: – Піражок!
Дазволь пабегчы на лужок.
Пасля траўкі на закуску
Ім пачастую нашу гуску.
Калодзеж
Просіць дзед унука: – Годзе!
Хопіць бегаць на выгодзе.
Там сабрана ў лоўж галлё
І калодзеж з жураўлём.
Пракрычаў унук здаля:
– Я тут не бачу жураўля!
Жабкі
Палівала Насця браткі.
Бачыць, сярод іх – дзве жабкі!
Прыўзняла Настуля броўкі:
– Жабкі просяцца ў сяброўкі?
Буся
Не знойдзеш лепшай забаўлянкі,
Як пазіраць у двор з буслянкі.
Калі смяюцца ўнізе дзеці, –
Значыць, добра ўсё на свеце.
У Бусі ёсць яшчэ выснова,
Што сам ён для дзяцей – ахова!
Раіса Баравікова