Каб не сумаваць, запрашаем пагуляць
Чым займаліся дзеці, калі не было тэлевізараў, камп’ютэраў, планшэтаў? Бавілі вольны час на вуліцы, у кампаніі сяброў і ведалі шмат вясёлых рухавых гульняў. Дзясяткі такіх гульняў сабраны ў зборніках, прысвечаных традыцыям беларускага народа. Некалькі з іх прапаную чытачам “Бусі”.
Заяц-месяц
Усе становяцца ў кола, вядовец і ўдзельнікі робяць пераклічку:
– Заяц-месяц, дзе быў?
– У лесе.
– Што рабіў?
– Сена касіў.
– Куды клаў?
– Пад калоду.
– Хто ўзяў?
– Чур.
На гэтым слове ўсе разбягаюцца, а той, каму выпала сказаць яго, –ловіць іх. Каго ён зловіць, той і заяц. І гульня пачынаецца зноў.
Дзень і ноч
Малююць на зямлі кружкі – “хаткі” па колькасці на адзін менш, чым гульцоў. Выбіраюць вядоўцу – “ваду”. Калі “вада” скажа: “Дзень!” – усе ходзяць, скачуць, бегаюць вакол кружкоў, дзе хто хоча. Калі ж прагучыць каманда вядоўцы: “Ноч!” – кожны гулец (і “вада” таксама) імкнецца заняць любы кружочак-“хатку”. Каму не дасталося “хаткі”, той становіцца “вадой”.
Фарбы
Удзельнікі гульні выбіраюць вядоўцу і “чорта”. “Чорт” адыходзіць далей, а вядовец кожнаму дае назву колеру фарбы (сіні, жоўты, чырвоны і да т.п.). Клічуць “чорта”. Вядовец кажа:
– Бом-чом, хто за плячом?
– Чорт з торбай!
– Чаго прыйшоў?
– Па фарбу!
– Па якую?
“Чорт” называе якую-небудзь фарбу. Той з гульцоў, каму прызначаны колер гэтай фарбы, уцякае, а “чорт” гоніцца за ім. Калі дагоніць, той становіцца “чортам”.
Мікола Котаў