Сямейнае чытанне. Еўдакія ЛОСЬ
Ледзь толькі крануцца падснежныя воды,
Ледзь толькі вярба прывітае вясну,
Раблюся я ворагам крохкай прыроды –
Галінкі ламлю я і ў хату цягну.
І не адчуваю, што з крыўдаю нейкай
Глядзяць на мяне, як жывыя, з куткоў
Пупышкі таполі, духмянай і клейкай,
Пушыстыя мордачкі шэрых каткоў.
Ядловец з бруснічнікам стаўлю ў гарлачык,
Завальваю клейкімі шышкамі стол
І быццам хмялею, што соладка плача
Бялюткай бярозы падсечаны ствол…
* * *
Лясная музыка
Столькі салаўінай
Музыкі чуваць,
Што пад тую музыку
Можна танцаваць!
Можна захапляцца
Цеплынёю рук,
Слухаць дарагога
Сэрца гулкі стук.
І забыцца можна
Аб любой бядзе,
Аб слязе, што родзіцца
Невядома дзе…
* * *
Шчаслівая, што сэрцам адгукнулася
На кожную праяву хараства,
Ад гора на зямлі не адвярнулася,
Нібы ад ветру – ніцая трава…
Ні пахвальбы, ні гонару ў прызнанні, –
Шчаслівая жыву з гарой турбот…
Даў Бог мне сэрца, сэрцу – хваляванне,
А іншых і не хочацца даброт!
* * *
Радзіма пачынаецца з двароў,
Дзе журавель тырчыць, нібыта дрэўка.
Радзіма пачынаецца з вятроў,
Што падказалі першую запеўку…
Радзіма пачынаецца з вайны,
Што чвэрць народа некалі скасіла…
Яна – з тае ўсвядомленай цаны,
Што сам дасі лісточку дзівасіла…
Хвалююся – і ведаю чаго:
Хачу, каб помніў суайчыннік кожны:
Радзіма пачынаецца з таго,
Што не набыць, а толькі страціць можна.
* * *
Сама адданая прыродзе,
каб з ёй дружылі ўсе – хачу.
З травой і лесам, на выгодзе,
я сына размаўляць вучу.
– Дзень добры, поле! – гавару я.
– Дзень добры, поле! – крыкне ён.
Ды скажа: – Грыб, цябе знайду я,
падай мне, кажа, лапу, клён!
Гавораць нівы, дрэвы, рэкі…
Прыміце ж да сваёй сям’і
яго, маленькага, навекі
хоць падгалоскам, салаўі!
* * *
Досвіткам дождж нараджаецца,
досвіткам грыб прачынаецца,
пхае ўгару лісцінку
праз пругкую павуцінку…
Родзяцца думы дасветныя,
родзяцца словы прыветныя
баравіковаму гаю,
званковаму сіняму краю…
Дзякую досвітку з дожджыкам,
з ветлымі пыскамі вожыкам!
Прачнулася таямніца –
грыбніца…