Балотнік-Усявед
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Калі садзіліся ў машыну, Толік падаў руку Алесі, каб ёй зручней было.
Казачнік убачыў такую ветлівасць свайго пасажыра, пахваліў:
– О, Толік, ты сапраўдны кавалер.
– Ага, мой тата такі ж. Аднойчы выходзіў з аўтобуса, падаў руку дзяўчыне. Пазней аказалася, што гэта была яго жонка. А мая – мама…
Усім зрабілася весела.
Вандроўка ў крылатай машыне зблізіла пасажыраў, як бы парадніла. Асабліва цешыўся казачнік:
– Бачу, вам падабаюцца нашы адкрыцці. Уперад, сябры, да новых прыгод!
“Опель-попель” узняўся вышэй за самыя высокія дубы, клёны, бярозы. Пад ім як бы хто разаслаў даўжэзны зялёны дыван. За тым прыродным покрывам пачаўся кучаравы лес. Ды раптам паплылі пад крыламі машыны вялізныя, блакітныя талеркі.
– Мо там аэрадром іншапланецянаў? – азвалася Алеся.
– Зараз праверым, – адгукнуўся Казачнік.
Крылатая “ШГК” пайшла на пасадку. І вандроўнікі тут жа апынуліся на ўзлеску, за якім пачыналася таямнічае балота.
Не паспелі пасажыры пакінуць машыну, як да іх падышоў высокі, плячысты дзівак. Ну выліты Лесавік ці Балотнік. На калматай галаве як бы завітушкі з дзеразы, вадзяных водарасцяў. Толькі вочы пабліскваюць вугельчыкамі.
На ім нейкі ржавы балахон, бытта выкачаны ў торф. А на нагах зялёныя ласты, з якіх вытыркаліся вялікія пальцы.
– Што за экспедыцыя? Адкуль? З якой мэтай у маё царства?
Сам Казачнік крыху разгубіўся ад такой нечаканасці. Але тут жа знайшоўся што сказаць:
– Шукаем герояў казак. Ды не за сінім морам-акіянам, а ў сваёй краіне.
– О! Дык вы, браточкі, якраз прыпыніліся ў патрэбным месцы. Тут, як вокам кінуць, – старажытныя балоты.
– Ага, у ціхім балоце чэрці водзяцца, – шэптам сказаў Толік, але яго пачуў Лесавік.
– Правільна, малады чалавек, водзяцца тут і чэрці.
– Вы іх бачылі? – спытала Алеся.
– А зірніце, мае цікаўныя, на вунь тую журавінную купіну. Бурбалкі каля яе бачыце?
– Ага, – хорам адказалі пасажыры з “Опеля-попеля”.
– Дык гэта Балотнік дыхае. Іх тут цэлая калонія. Багнікі, Баламуцені, Аржавені, Лазнікі. Але яны невылазна сядзяць у твані. Страшэнныя ляніўцы, таўстуны. Да іх гразь прыліпае. Жукі, смаўжы абсядаюць іх, а яны толькі булькочуць спрасонку…
Над нізкімі сасонкамі, карлікавымі бярозкамі праляцеў чорны крумкач і хрыпла, трывожна каркнуў.
– Бач, сігнал падае нячысцікам, што мы тут, – патлумачыў Лесавік.
Усім стала страшнавата каля гэтай дзікай прыроды: а раптам чэрці прачнуцца ды пачнуць цягнуць у сваё царства. Лесавік адчуў разгубленасць экскурсантаў, патлумачыў:
– Не палохайцеся, ахоўнікі балотаў не пакідаюць сваю варту. А вось калі хто з людзей, жывёл ці звяроў трапляе ў багну, яна тут як тут. З асалодай мучаюць ахвярніка. Топяць яго. Вось і наслалі людзі на балоты жалезных коней.
– І што яны зрабілі? – зацікавілася Алеся.
– Прагналі нячысцікаў. Асушылі балоты. Пачалі на іх вырошчваць зерне, кармы для жывёлы.
– А вы чаму сваё ахоўваеце, таварыш Лесавік? – дзелавіта спытаў Толік.
– Для навукі пакінулі. Хочам ведаць, як утвараліся балоты. Хто там жыве? Якое багацце схавана ў ім?
– Няўжо і золата ёсць? – Толік ледзь не ахнуў ад здзіўлення.
– Золата не знаходзілі. А вось торф, які ўтвараецца ў балоце, можна лічыць каштоўным скарбам.
– Няўжо? – на гэты раз здзівілася Алеся.
– Людзі здаўна карысталіся торфам як палівам. А нашы вучоныя даказалі, што з яго можна вырабляць угнаенні, кармавыя дрожджы, воск, фарбы, лекі, шампунь, туш для веек. Нават губную памаду…
Толік зірнуў на Алесю і зрабіў рыцарскую прапанову:
– Хочаш, украду ў чорта крыху яго багацця і падару табе.
– Сам бяры і мажся тым торфам, – крыху аж засердавала Алеся, а ў Лесавіка спытала: – Вы сказалі, што вашы вучоныя даказалі? У вас, шаноўны Лесавік, ёсць свае вучоныя?
– О, цэлае аддзяленне Акадэміі навук. Наш запаведнік ахоўваецца дзяржавай. Тут гаспадар толькі прырода, а мы – слугі яе. Хочам ведаць, як у балоце і ў лясах каля яго адчуваюць сябе расліны, дрэвы, звяры, насякомыя…
– І чэрці, – падказаў Толік.
– Ага, малады чалавек, збіраем легенды і пра хвастатых з рожкамі нячысцікаў.
– А вы, Лесавік, хіба што таксама вучоны? – спытала Алеся.
– Я – доктар біялагічных навук, – прызнаўся Лесавік і зняў з галавы парык з дзеразы, вадзяных водарасцяў. Скінуў з сябе іржавы балахон і зялёныя ласты.
Усе ахнулі. Перад імі стаяў вучоны з Акадэміі. Міла ўсміхнуўся і патлумачыў:
– Мне даручана праводзіць экскурсіі з усімі, хто трапляе ў наш запаведнік. Вось я і прыдумаў маскарадны касцюм. Спадабаўся?
– Вельмі, – за ўсіх адказаў Казачнік. – Асабліва ваша прыдумка працаваць Лесавіком.
Уладзімір ЛІПСКІ