Чаша для джэйранаў
З “Апавяданняў пра Каракумы”
Прыехаў да нас госць. Папрасіў паказаць пустыню. Паехалі мы ў “газіку”. Было горача, хацелася піць. І раптам госць сказаў нам:
― Вы не туды едзеце! ― Ён паказаў на поўдзень: ― Бачыце, там возера. Паехалі купацца.
Мы пераглянуліся з шафёрам, але спрачацца не сталі.
Праз тры гадзіны шафёр усё ж выключыў матор.
― Хопіць, ― сказаў ён, ― сёння мы да гэтага возера не даедзем.
Наш госць пакрыўдзіўся:
― Зусім няшмат засталося. Калі стаміліся, давайце я сам павяду машыну!
Мы ехалі яшчэ тры гадзіны. Прыехалі на саланчак. Возера растала ў паветры.
― Гэта быў міраж? ― спытаў наш госць.
― Ён самы!
― Піць хочацца, а вада ў каністры жалезам пахне.
Шафёр паклікаў госця да высокай, шэрай ад спёкі расліны з мяцёлкай на вяршыні. Па ўсім ствале ішлі чашы-лісточкі. У кожнай з гэтых чаш было, мусіць, па паўлітра вады.
― Вадапровад джэйранаў, ― сказаў шафёр. ― Яны ні тое, што мы ― убачылі міраж і пагналіся за ім, зламаўшы галаву. Яны за вадою гатовы сотню кіламетраў адмахаць, але ўжо дакладна да вады выйдуць.
Мы паспыталі вады джэйранаў. Добрая была вада, нават не вельмі цёплай падалася.
Каюм ТАНГРЫКУЛІЕЎ
З туркменскай мовы пераклаў Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
вельми выдатнае апавяданне