УРШУЛЯ ФРАНЦІШКА РАДЗІВІЛ
Скарбы Нясвіжскага замка
― Добра, згодзен, Радзівілы не бедныя. Я зразумеў, што яны не толькі грашыма і багаццямі валодалі, а былі галантнымі і адукаванымі.
― Малайчына, Янка, усё правільна зразумеў, — усміхнуўся Сяргей Уладзіміравіч.
― Паглядзі, што захоўваецца на дзедавым гарышчы: “Дасціпнае каханне”, аўтар — Францішка Уршуля Радзівіл, — парадаваўся нечаканай знаходцы бацька Янкі.
―А што гэта за аўтар, тата?
― Ты бачыш, яго не назва здзівіла, а аўтар, пачуў знаёмае прозвішча!
― Францішка Уршуля Радзівіл — пісьменніца і драматург, апошняя прадстаўніца роду Вішнявецкіх, першая жанчына-пісьменніца ў Беларусі, — патлумачыў бацька.
— Згодзен, але не ўсё так проста. Уршуля, каб вы ведалі, нарадзілася ў тысяча сямсот пятым годзе ў сям’і кракаўскага ваяводы Януша і Тэафілі Вішнявецкіх. Княжна, як і ўсе шляхетныя дзяўчаты ў васямнаццатым стагоддзі атрымала хатнюю адукацыю. Яна валодала замежнымі мовамі, вучылася спяваць, танцаваць, музыцыраваць, вышываць, плесці карункі, вывучала матэматыку, філасофію, рэлігію. А вось замуж за князя Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбаньку) княжна Вішнявецкая выйшла ў дваццаць гадоў, што было даволі позна для таго часу. Сярод тагачасных дзяўчат яна вылучалася высокім узроўнем культуры, розумам і кемлівасцю… — не паспеў дагаварыць Сяргей Уладзіміравіч, як яго нецярпліва перабіў Янка.
— Зразумела, яны пераехалі ў Нясвіж, — падзяліўся сваёй здагадкай Янка.
— Слухай, пакуль табе распавядаюць, не перабівай! — параіў бацька.
— Дык вось, пераехаўшы з мужам у Нясвіж, Уршуля пачала актыўна вывучаць замак і займацца гаспадаркай, а яна, як вядома, была не малая! Актыўная і разумная княжна старанна парадкавала кнігі радзівілаўскай бібліятэкі. Яна аднавіла працу нясвіжскай друкарні. Там выдаваліся кнігі, друкавалася газета, рэдактарам якой была сама Францішка. Вядома, што прыдворны гравёр Ляйбовіч выдаў у гэтай друкарні ўнікальную «Кнігу партрэтаў Радзівілаў». Францішка клапацілася i пра павелічэнне колькасці кніг у замкавай бібліятэцы. Іx налічвалася да дваццаці тысяч тамоў, яна замаўляла экземпляры і з-за мяжы…— зноў ледзь паспеў закончыць сказ навуковец.
— Спачатку шмат чытала, а потым і пісаць пачала? — зацікаўлена запытаўся Янка.
— Вядома, што яе бацька складаў вершы і займаўся перакладамі. Мабыць, ад яго Францішка атрымала ў спадчыну літаратурныя здольнасці. А яшчэ любоў да навукі, замежных моваў. Яна цудоўна валодала лацінскай, французскай, італьянскай мовай, — патлумачыў бацька.
— Гэта ўсё цудоўна, а як яна пачала пісаць, што на яе паўплывала? — зноў задаў пытанне хлопчык.
— Зараз зразумееш. У 1740 годзе ў Нясвіжскі замак прыехалі замежныя артысты. Яны прывезлі першы спектакль па п’есе «Прыклад справядлівасці». Мяркуюць, што захапленне Радзівілаў тэатрам пачалося пасля гэтай пастаноўкі. Наступныя спектаклі наладжваліся сваімі сіламі. Уршуля стварыла аматарскі прыдворны тэатр. У спектаклях разам з прыгоннымі спевакамі, танцорамі, музыкамі ўдзельнічалі прадстаўнікі княжацкай сям’і, шляхта, часам, нават і слугі. Спачатку спектаклі ставіліся ў так званым «Зялёным» тэатры. Ён размяшчаўся за замкавым ровам на адным з пагоркаў. Быў разлічаны на тысячу месцаў. Фактычна гэта быў першы пастаянны тэатр на тэрыторыі Беларусі. Яго кіраўніком стала Францішка. Яна сама пісала творы для тэатра, перарабляла французскія п’есы, камедыі i трагедыі, выкарыстоўваючы сюжэты з паданняў, твораў антычных аўтараў.
— П’есы Францішкі мелі пераважна павучальны характар. Відаць, яны былі разлічаны i на яе дзяцей, — зазначыў Аляксей, бацька Янкі.
— Так, але менавіта камедыя-спектакль «Дасціпнае каханне», пастаўленая да 44-годдзя князя Міхаіла Казіміра Радзівіла, была пачаткам яе рэжысёрскай дзейнасці. Спектакль праводзіўся пад адкрытым небам. Пабудавалі дэкарацыю, для шляхетных гледачоў і духавенства паставілі канапы (дробная шляхта і афіцэры нясвіжскага гарнізона глядзелі прадстаўленне стоячы). Яе п’есы ставіліся ў прыдворным тэатры з нагоды розных сямейных святаў, прыезду гасцей, якія часта былі ўдзельнікамі спектакляў, — слушна заўважыў навуковец Сяргей Уладзіміравіч
— У анатацыі да кнігі “Дасціпнае каханне”, аўтарам якой з’яўляецца Францішка Уршуля Радзівіл, пазначана, што гэта адна з 16 i 17 оперных лібрэта, выдадзеных асобнай кнігай. Аказваецца, пасля смерці Францішкі адзін з акцёраў-аматараў, які жыў у Нясвіжы, сабраў усе яе драматычныя творы i выдаў у 1754 асобнай кнігай у замкавай друкарні. Вось як бывае! — падвёў вынік размовы бацька.
Анастасія Радзікевіч