Крапіва
Вторник, 29.03.2016 07:23. Рубрика: Вершы
Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я – пякучка-крапіва.
Я расту вось тут пад плотам
І не так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі папякла.
Хто палез за агуркамі,
Хай той носіць пухіры ―
Мяне голымі рукамі
Асцярожна, брат, бяры.
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я – пякучка-крапіва.
Кандрат КРАПІВА
Кандрат КРАПІВА (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) (5 сакавіка 1896 ¾ 7 студзеня 1991) ¾ народны пісьменнік Беларусі. Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій. Аўтар кніг сатыры і гумару, шматлікіх празаічных зборнікаў і п’ес. Для дзетак напісаў кнігу “Загадкі дзеда Кандрата”, вершаваную казку “Хвядос ― Чырвоны нос”.