Лялька, падай чаю!
Музей дзяцінства
У свеце лялек японскія “нінгё” (што даслоўна перакладаецца як “вобраз чалавека”) – найстаражытнейшыя персанажы. Даўней у Японіі (як, зрэшты, і паўсюль) лялькі былі сімвалам добрых бостваў і ахоўвалі ад злых духаў.
Больш за 10 000 гадоў японскім лялькам догу з вялізнымі вачыма. Лічылася, што вялікія вочы здольныя адганяць нячыстую сілу. Догу ўспрымаліся як пасрэднікі паміж светам багоў і светам людзей. Іх часта ахвяравалі вышэйшым сілам дзеля росквіту гаспадаркі і абароны ад злосных стыхій.
У розныя перыяды развіцця культуры ў Японіі ўсталёўваўся культ самых разнастайных лялек. Вядомы японскі лялечнік Кітао Сігэмаса ў 1773 годзе выдаў кнігу пра лялек, дзе апісаў больш за 80 іх відаў. А да 1804 года іх было ўжо каля 300. Пасля з’явіліся механічныя лялькі – каракуры. Яны маглі паднесці госцю кубак чаю, пісаць іерогліфы і страляць у мішэні.
У Японіі шмат традыцый, звязаных з лялькамі. Напрыклад, 3 сакавіка, калі адзначаецца нацыянальнае свята дзяўчатак, сем’і, дзе гадуюцца дочкі, ладзяць выставу багата апранутых лялек, якія адлюстроўваюць жыццё імператарскага двара. Дзеля гэтага ладкуецца падстаўка ў некалькі прыступак. На самай верхняй садзяць лялек, якія ўвасабляюць імператара і імператрыцу. На прыступцы ніжэй знаходзяцца фрэйліны, музыкі, целаахоўнікі і слугі – усе ў адпаведнасці з рангамі і рытуаламі. Сама лесвіца ўпрыгожваецца ліхтарыкамі, мініяцюрнымі дрэўцамі, цацачнай мэбляй… Галоўныя лялькі выставы абавязкова парныя, сімвалізуюць мужчыну і жанчыну. Набор лялек для Хіна-Мацуры (свята дзяўчатак называецца менавіта так) – лепшы падарунак сям’і, дзе гадуюцца дзяўчаткі. Іх беражліва захоўваюць, перадаюць з пакалення ў пакаленне. Бывае, што такі набор лялек становіцца значнай часткай пасагу нявесты і ўважаецца за самую дарагую сямейную рэліквію.
Неўзабаве пасля Хіна-Мацуры – 5 мая – адзначаецца свята хлопчыкаў. У гэты дзень у дамах, дзе выхоўваюцца сыны, выстаўляюцца вайсковыя цацкі: мячы, самурайскія шлемы, мініяцюрныя даспехі і лялькі ваяроў у багатай вопратцы. Правобразам кожнай лялькі з’яўляецца рэальны герой – доблесны імператар, адважны воін або казачны герой-волат…
Сайт музея: www.museumd.by
Адрас музея: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 28-24а
Алена Масла