Сямейнае чытанне
Народжаная ў першы дзень вясны, паэтэса Еўдакія Лось несла ў свет сваімі вершамі і сонечнае цяпло, і адкрытасць – тое, чым была напоўнена яе душа. Ці не таму свой першы паэтычны зборнік, які выйшаў у 1958 годзе, яна назвала “Сакавік”. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Еўдакія Якаўлеўна была чалавекам прамадушным і адкрытым, не баялася казаць праўду ў вочы.
Еўдакія Лось пісала творы і для дарослых, і для дзяцей. Вершы з кніг “Абутая ёлачка”, “Казка пра Ласку”, “Вяселікі”, “Зайчык-выхваляйчык”, “Дванаццаць загадак”, несумненна, спадабаюцца вам.
У творчасці Еўдакіі Лось шмат скорагаворак, лічылак, дражнілак, небылічак, песенек накшталт заклічак…
Вершы Еўдакіі Лось можна прачытаць на сайце часопіса “Вясёлка” www.veselka.by
Заданне. Праілюструйце вершы, якія вам спадабаліся, і дашліце малюнкі ў рэдакцыю.
Еўдакія ЛОСЬ (1 сакавіка 1929 – 3 ліпеня 1977) – беларуская паэтэса. У 1975–1977 гг. была галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. Іменем Еўдакіі Лось названы вуліца ў Віцебску, Ушацкая раённая бібліятэка, бо з Ушаччыны яна родам.