Хто прыдумаў алфавіт?
Літары алфавіта – гэта, па сутнасці, сімвалы гукаў, якія мы прамаўляем. Да вынаходніцтва алфавіта людзі карысталіся малюнкамі. Напрыклад, выява антылоп абазначала, што ў гэтым месцы добрае паляванне. З часам малюнак змяняўся: выява нагі магла абазначаць дзеяслоў “ісці”. Аднак не ўсё можна перадаць малюнкам. І вось тры з паловай тысячы гадоў таму народы, якія насялялі ўсходнюю частку Міжземнамор’я, зрабілі адкрыццё, якое наблізіла стварэнне алфавіта. Яны зразумелі, што адзін і той жа знак можна выкарыстоўваць для аднаго гука ва ўсіх спалучэннях. Такія знакі і сталі алфавітам, які першымі пачалі прымяняць іўдзеі і фінікійцы, а потым перадалі грэкам. Ад грэкаў старажытны алфавіт перайшоў да рымлян, якія ўнеслі дапаўненні. Так з’явіўся лацінскі алфавіт, якім карыстаюцца жыхары Заходняй Еўропы. Мы, славяне, маем кірылічны варыянт, стваральнікамі якога сталі Кірыла і Мяфодзій. І вы, сябры, уважліва стаўцеся да перададзенага скарбу, вучыце родную мову і, канечне, любіце сваё слова!