Чароўны куфэрак
Свеціць сонца цёплае,
Вясёлае і добрае.
Рэчкі разліваюцца,
Лісточкі распускаюцца.
Зелянее траўка ў полі,
Звонка птушачкі пяюць,
Скача ручаёк-свавольнік,
Хмаркі ў вышыні плывуць.
Вось цудоўная пара,
Бо да нас прыйшла вясна.
Дар’я Ільючык,
Лунінецкі раён, Багданаўская СШ.
Шчасце
Што такое шчасце?
Цяжка мне сказаць.
Мо хтось дапаможа
Сакрэт той разгадаць?
Шчасце – гэта ўсмешкі
Родных і сяброў.
Шчасце – гэта кветкі
І святло гаёў.
Шчасце – калі ў лузе
Пчолачка гудзе,
А на даху бусел
Гутарку вядзе.
Шчасце ў хату прыйдзе,
Не міне цябе.
Мір паўсюдна будзе,
Не прыйсці бядзе.
Шчасце – калі разам
Наша ўся сям’я –
Мама, тата, брат, сястрычкі
І, вядома ж, я!
Крысціна БАРЭЛЬ,
Свіслацкі раён.
Як з’явіліся чорныя буслы
Казка
Жыў сабе іншапланетнік Нябачка, і ніхто яго не бачыў. Усе заўважалі толькі ягонае адзенне і здзіўляліся, што яно само ходзіць. А Нябачка на гэта вельмі крыўдаваў.
Аднойчы Нябачка сустрэў Бусла, які сказаў яму:
– Ты ж мой сваяк.
Здзівіўся Нябачка, а Бусел растлумачыў, што ён нашчадак тых буслоў, якія некалі трапілі на планету Тала. З таго часу Нябачка і Бусел пасябравалі вельмі моцна, і нішто не магло разбурыць іх сяброўства.
Аднойчы з’явіўся Лахтах – злы чараўнік – і ператварыў Нябачку і Бусла ў людзей. Замаркоціліся сябры, бо хацелі лётаць. Прыйшлі яны да феі Лілібі і папрасілі, каб тая іх адчаравала. Яна вярнула ім ранейшы выгляд і сказала:
– Праз год прыйдзіце да мяне зноў.
Але год прамінуў, а сябры да феі не прыйшлі, бо гулялі ў шахматы.
Фея чакала іх, чакала, засмуцілася і ператварыла абодвух сяброў у чорных буслоў – рэдкую птушку, якая любіць жыць далёка ад людзей.
Альжбэта МАЛІШЭЎСКАЯ-СПРЫНЧАН,
г. Мінск, гімназія № 23.