ЦІКАВІНКІ АД БУЛЬБІКА І ЖУРАВІНКІ
1. БУЛЬБІК ВЫБІРАЕЦЦА З КНІГІ
У адной старой кнізе жыў-быў хлопчык Бульбік.
Калісьці кнігу чыталі і перачытвалі, таму яе старонкі і вокладка былі пацёртымі. Але мінуў час, з’явіліся новыя кнігі і новыя героі, а пра гэтую ўсе забыліся і выправілі ў кнігасховішча.
Патрываў Бульбік пару месяцаў цішу, якая там панавала, і пачаў выбірацца са сваёй кнігі і вандраваць па бібліятэцы. Праз нейкі час ён прачытаў усё, што было на паліцах! Сам стаў як энцыклапедыя: што ні спытай, усё ведае.
Чытаць кнігі вельмі цікава! Але карцела хлопчыку паглядзець, як жывецца па-за сценамі бібліятэкі. І вось аднойчы ён паціху выслізнуў на вуліцу.
Якраз насупраць бібліятэкі быў лес. Каб у яго трапіць, трэба было перайсці праз дарогу, па якой безупынна імчалі машыны. Хлопчык асцерагаўся крок ступіць, каб не апынуцца пад коламі.
2. БУЛЬБІК СУСТРАКАЕ САМАЛЁЦІК-САМАХОДЗІК
Раптам непадалёк прызямліўся лятальны апарат – ні то самалёцік, ні то самаходзік.
— Гэй! — гукнуў ён хлопчыка. — Хочаш, падвязу?
Чаму ж не? Задаволены Бульбік уладкаваўся ў незвычайнай машыне. Без пагрозы для жыцця новыя знаёмцы адным махам пераляцелі аўтастраду.
— Трымаем курс на лес! — закамандаваў Бульбік, і самалёцік-самаходзік пакіраваў да ельніка.
Хлопчык пільна ўглядаўся наўкол. З вышыні далягляды пашыраліся, але ж нічога не магчыма было разгледзець як след. Ведама – ляцелі хутка!
— Дружа, давай прызямлімся! — папрасіў Бульбік.
— Давай! — ахвотна пагадзіўся самалёцік-самаходзік. — Мне акурат надышоў час перадыхнуць. Мы, самалёты-самаходы, працуем без гаручага. Але ж мусім час ад часу адпачываць, каб набрацца новых сілаў.
3. СЯБРЫ ЗНАЁМЯЦЦА ЖУРАВІНКАЙ
Якраз скончыўся густы ельнік, і пад крыламі самалёціка-самаходзіка раскінулася прастора, багатая азёрамі, з вялікімі абшарамі імхоў, рэдкімі хваінкамі, з купінамі, усыпанымі ягадамі журавінаў і брусніц.
— Зніжаемся! — зноўку загадаў Бульбік, і самалёцік апусціўся на пульхны мох. Хлопчык жвава выскочыў з машыны.
— Ну і шкоднікі! — пачуўся абураны голас з бліжэйшай купіны. — Хіба можна так смела на балоце ў незнаёмым месцы скакаць? Хіба можна мох бяздумна таптаць? Вы ведаеце, як марудна ён расце?
На сябрукоў сварылася дзяўчынка. Ружовыя шчочкі, ружовая сукенка і гольфікі, ружовыя каснічкі ў валасах.
— Гэй, ты! Асцярожней са словамі! — усердзіўся хлопчык Бульбік. — Хто ты такая?
— Я — Журавінка, гаспадыня на гэтым балоце! — смела адказала дзяўчынка.
Самалёціку-самаходзіку і Бульбіку было не вельмі прыемна чуць, як на іх сварыцца Журавінка. Але яны прызнавалі, што не ўмеюць паводзіцца на балоце. І таму Бульбік сказаў:
— Прабач, калі ласка! Мы больш не будзем! Можа, ты раскажаш нам пра свой дом? А мы возьмем цябе падарожнічаць!
— Ух ты! Я змагу выбрацца з балота? — узрушылася Журавінка.
— Мы зможам выбрацца, куды пажадаеце! — паабяцаў самалёцік-самаходзік і дзеля пэўнасці замахаў крыламі.
Працяг гісторыі чытайце ў наступным нумары
Алена МАСЛА