Фінансы ад А да Я. Лiтара Б
БАНК
У слове “банк” – чатыры літары. Калі іх правільна разгадаць, то можна багата чаго ўведаць пра банк.
Б – будынак. Правільна, банк – гэта своеасаблівы дом, у якім галоўны ўладар – Грошы. Яны паступаюць туды ад людзей і арганізацый на асобныя рахункі. Захоўваюцца там, “вырошчваюцца” і працуюць. У банку служаць людзі розных прафесій, але ўсіх іх можна назваць БАНКІРАМІ.
А – ахоўнік, абаронца. Дык жа так і ёсць: банк – ахоўвае, сцеражэ, вартуе, беражэ, шануе ўклады асоб фізічных (кожнага чалавека) і юрыдычных (любога калектыву).
Н – накапленні. У банку накопліваецца прыбытак ад тых наяўных грошай, якія пакладзены людзьмі і арганізацыямі на захаванне.
К – капітал, кліенты. Капітал банка – сума грошай, унесеных кліентамі на свае рахункі. Гэта іх агульнае багацце, каштоўнасць, скарб.
Бачыце, БАНК – гэта як бы агульны, усіхні кашалёк, своеасаблівая народная і дзяржаўная скарбонка.
БАНКАМАТ
Кожны з вас, відаць, бачыў банкаматы. А можа, і карыстаўся імі. У “Беларусбанку”, напрыклад, са згоды бацькоў можна атрымаць спецыяльную “Дзіцячую” плацёжную картку ўжо з шасці гадоў.
Банкаматы ўяўляюць сабой маленькія банкі, якія ўстанаўліваюцца ў метро, на вакзалах, у фае будынкаў, дзе шмат людзей. Устаўляеш у электронна-механічную шафу картку, набіраеш свой код і патрэбную суму грошай. Праз лічаныя секунды – атрымлівай гатовенькія купюры.
Праз банкамат можна аплочваць кватэрную плату, расходы на мабільнік, інтэрнэт, іншыя плацяжы.
БІРЖА – гэта фінансавая арганізацыя, якая гандлюе каштоўнымі паперамі. На біржы працуюць БРОКЕРЫ. Гэта біржавыя служачыя, якія праводзяць продаж каштоўных папер сваім кліентам.
БІЗНЕС – такая дзейнасць чалавека, якая прыносіць грашовы прыбытак. Толік, вучань чацвёртага класа адной з мінскіх школ, патлумачыў так: “Назбіраю макулатуры, здам – от і ёсць грошы. Мама папросіць – занясу пустыя бутэлькі на прыёмны пункт – зноў маю грошы. Гэта і ёсць мой бізнес”. На прадпрыемствах, у гандляроў, прадпрымальнікаў – свой бізнес, які вылічваецца вялізнымі сумамі.
Дамашнія заданні
1. Навошта плацёжным банкаўскім карткам надаецца сакрэтны пін-код?
2. Як называецца самы галоўны банк Рэспублікі Беларусь? Якія банкі Беларусі ці замежныя банкі працуюць у нашай рэспубліцы? (Чым больш назавяце банкаў, тым бліжэй будзеце да прыза.)
3. Ад чаго залежыць банкаўскі даход укладчыкаў:
а) ад добрых адносін з банкаўскімі служачымі,
б) ад працэнтнай стаўкі па ўкладу,
в) ад тваіх адзнак у дзённіку,
г) ад сумы пакладзеных грошай у банк?
Уладзімір Ліпскі
Беларусбанк + “Вясёлка” = сумесны творчы праект па асвеце юных фінансістаў і банкіраў. Падарункі, прызы выдатнікаў вучобы чакаюць вас. Пішыце!
Працяг у наступным нумары. Пачатак ТУТ