Хвілінкі-весялінкі
Уладзімір МАЦВЕЕНКА
Загадка-жарт
Ля варот
Чатыры кошкі –
Вунь, катаюцца
Клубком.
Палічы
У кошак ножкі,
А пасля
Падумай трошкі,
Праз якія дзверы
Кошкі
Забягуць хутчэй
У дом?
(У кошак не ножкі, а лапкі. У чатырох кошак – 16 лапак. У дом забягуць праз адчыненыя дзверы.)
Алесь ЕМЯЛЬЯНАЎ-ШЫЛОВІЧ
Пыласос
Я не сівер, не буран,
Не віхура, не ўраган.
Хоць часамі я і выю,
Не пужайцеся, малыя!
Не вішчыце, не пішчыце,
Пра ратунак не крычыце
Вы ні жартам, ні ўсур’ёз,
Я – звычайны пыласос!
Таццяна СУЧКОВА
Смяшынкі
*
Віка ўбачыла сняжынкі і радасна ўсклікнула:
– Ветрык хмарку раскрышыў!
*
Саша заўважыў у кантралёра лісіны каўнер і запытаў у мамы:
– Гэта цёця прычапіла лісу, каб яе зайцы баяліся?
Вікенцій ВЕРАСАЕЎ
*
Сяргейка раніцаю прачнуўся, стаў расказваць маме сон. Блытае, пляце – адразу адчуваецца, што выдумляе. Старэйшая сястрычка Наташа крыкнула з суседняга пакоя:
– Сяргей, ты ўсё хлусіш!
– Ты адкуль ведаеш?
– А я таксама гэты сон бачыла.
– А-а…
Ён засаромлена прыкусіў язык.
*
Іра:
– Як добра хтосьці прыдумаў: улетку цвітуць кветкі, а ўвосень – лісце.
З рускай мовы пераклаў Анатоль КЛЫШКА