Пралеска для Мурашкі
Прыснілася Муравейку гарачае лета, лясная паляна, усыпаная кветкамі. Хочацца яму дацягнуцца да самай прыгожай кветкі, ды быццам нехта нябачны яго трымае. Муравейка і сяк, і так, а з месца зварухнуцца не можа. Нарэшце сабраўся з апошнімі сіламі, зрабіў крок, другі, лапкі пярэднія выцягнуў – вось-вось за сцяблінку ўхопіцца. Ды што гэта: кветка пакруціла галоўкай і са смехам кінулася ад яго ўцякаць.
“Ой!” – спалохаўся Муравейка і… прачнуўся. У мурашніку было не па-зімоваму цёпла. “Значыць, вясна надышла!” – радасна падумаў Муравейка. Ён саскочыў з ложка, кінуўся па калідоры да выхаду і ледзь не збіў з ног заспаную Мурашку.
– Куды ты так нясешся?! – усклікнула яна.
– Вясна надышла!
– Ты што! На календары яшчэ сярэдзіна лютага!
– Ха! Календарам ужо даўно ніхто не верыць! На зямлі даўно адбываецца пацяпленне! Гэта значыць, зімы становяцца ўсё карацейшымі! Хочаш, пойдзем разам, і ты пераканаешся!
– Не пайду! Мама казала, што пасля зімы першымі з мурашніка павінны вылазіць дарослыя!
– А я думаў, ты ўжо дарослая! Вось я, напрыклад, нікога не слухаюся! – ганарліва прамовіў Муравейка.
– Ну і не слухайся, – пакрыўдзілася Мурашка і пайшла ў свой пакойчык.
– Ну што я зноў такога сказаў?! – расхваляваўся Муравейка. – Лепш з ёй зусім не размаўляць, тады мы ніколі не будзем сварыцца. Але ж… але ж мне так хочацца з ёй размаўляць!
Муравейка плёўся па доўгім калідоры, пакуль не апынуўся перад дзвярыма, што выводзілі з мурашніка.
– Я ведаю, што трэба зрабіць! – радасна ўсклікнуў ён. – Вясна ж надышла! Я знайду і прынясу Мурашцы пралеску!
У лесе толькі пачынала світаць, але хіба магло гэта спыніць Муравейку! Ён убачыў, што вакол не было ні лапінкі снегу. Значыць, вясна папраўдзе прыйшла сюды! Муравейка кінуўся наперад: дзесьці ж абавязкова павінны быць пралескі! Ён доўга бегаў, стаміўся, але ніводнай кветкі нідзе не ўбачыў.
Раптам у лесе стала зусім цёмна, узняўся вецер, усхадзілася завіруха. З цяжкасцю дабраўся Муравейка дадому. Яго паклалі ў ложак, накрылі цёплай коўдрай. Паклікалі лепшага Доктара, які паслухаў хворага і строга сказаў:
– Грып! Для нашага мурашынага роду хвароба зусім не характэрная, таму лекаў ад яе мы не маем.
– Ах! – спалохана ўсклікнула Мурашка, якая раніцай пакрыўдзілася на Муравейку, а цяпер вельмі шкадавала яго.
– Праўда, я ведаю, што гэтую хваробу лечаць мёдам, – сказаў Доктар. – Але мёд у пчол, пчолы ў дупле, дупло ў асіне, што расце на суседняй паляне, да якой цяпер не дабрацца, бо яшчэ сярэдзіна лютага, у лесе ляжыць снег.
Ён дастаў адрыўны каляндар і пачаў шукаць патрэбную старонку:
– Снег растае вясной, вясна пачнецца ў сакавіку, а сакавік настане праз… вось, калі ласка: праз чатырнаццаць дзён.
З дактарамі не прынята спрачацца, і ўсё вялікае мурашынае сямейства толькі цяжка ўздыхнула. Доктар сказаў:
– Табе яшчэ пашанцавала, што ты захварэў зімой, а не летам. Зімой дні нашмат карацейшыя, таму яны мінаюць хутчэй.
Усе чакалі надыходу вясны. Мурашка, слухаючы, як Муравейка кашляе ў сваім пакойчыку, не магла зразумець: калі час зімою ідзе хутчэй, чаму ёй здаецца, што гэты зімовы час спыніўся. Яна ўзяла са стала гадзіннік і пачала сачыць за стрэлкамі. Але яны рухаліся, як заўсёды, – ні хутчэй, ні павольней.
“Вось яно што! – здагадалася Мурашка. – Відаць, той, хто майстраваў для нас гадзіннікі, не ведаў, што зімой і летам стрэлкі павінны рухацца з рознай хуткасцю!..”
Але больш Мурашка не магла чакаць. Нікому не сказаўшы ні слова, яна выскачыла з мурашніка. Ярка свяціла сонца.
– Вясна! І праўда, вясна!
Мурашка кінулася па сцяжынцы на суседнюю паляну, знайшла старую асіну з дуплом, у якім жылі дзікія пчолы, хуценька паднялася па ствале і пастукала ў дзверы. На парозе паказалася заспаная Пчала.
– Ну каго тут носіць зімою, паспаць не даюць?!
– Не зімою, а вясною! – запярэчыла Мурашка. – Снег растаў, прыйшла вясна!
– Хм, для нас, пчол, вясна надыходзіць тады, калі з’яўляюцца першыя кветкі, – прабурчэла Пчала. – А ты хіба дзе-небудзь іх бачыш?! Дарэмна толькі разбудзіла!
– Я хацела папрасіць у вас слоічак мёду для Муравейкі. Ён захварэў.
– Добра, пачакай, што з вамі зробіш…
Пчала знікла за дзвярыма і неўзабаве вярнулася са слоічкам мёду.
Праз некалькі дзён Муравейка паправіўся. А тут і сонца так прыпякло, і ад рэшткаў снегу не засталося і следу.
– Дзіўна, – круцілі галовамі мурашкі, павылазіўшы на палянку, – на календары яшчэ толькі канец лютага, а здаецца, ужо сярэдзіна красавіка.
– Я ж казаў, што на ўсёй зямлі адбываецца пацяпленне, – прашаптаў на вушка Мурашцы Муравейка.
Яна не паспела яму нічога адказаць, як ён знік у леташняй пачарнелай траве. Вярнуўся Муравейка з першай вясновай кветкай – пралескай.
– Гэта табе, – працягнуў ён кветку Мурашцы. – За тое, што вылечыла.
Мурашка сарамліва прыняла падарунак і падумала: “Кветкі распусціліся! Значыць, і для пчол надышла вясна!”
Алесь Бадак