Сямейнае чытанне
Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў, 10 мая 1883 – 3 жніўня 1971) – пісьменнік, педагог, адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, аўтар прыгодніцкіх і навукова-пазнавальных кніг для дзяцей, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
У часы, калі Янка Маўр пісаў свае творы, не так проста было падарожнічаць па свеце, як зараз. Не было і такой разнастайнасці геаграфічных перадач, часопісаў, якія мы маем сёння. Але ж грунтоўныя веды, багатае ўяўленне, фантазія дапамагалі пісьменніку ствараць захапляльныя карцінкі жыцця далёкіх экзатычных краін. А яшчэ – веданне эсперанта, міжнароднай мовы. На ёй, да прыкладу, пісьменнік перапісваўся з настаўнікамі-эсперантыстамі вострава Ява, калі пісаў раман “Амок” – дзеянне адбываецца менавіта там.
“Чалавек ідзе”, “У краіне райскай птушкі”, “Слёзы Тубі” – гэтымі творамі, зачытваліся ў сваю пару і твае, дружа, дзядулі і бабулі, мамы і таты, з імі падарожнічалі па свеце. А славутыя “Палескія рабінзоны” зрабілі магчымымі рызыкоўныя, незвычайныя прыгоды і падарожжы дома, у Беларусі. На “Фантамабілі прафесара Цыялкоўскага” тагачасныя дзеці наведвалі Амерыку, пабывалі на Месяцы і Марсе…
Цяжка сёння здзівіць чытача падарожжам у экзатычныя краіны, але не толькі праз іх творы Янкі Маўра сталі класікай. Шчырае сяброўства, спачуванне чужому гору, спагада да жывога – вось каштоўнасці, якія заўжды ў цане. Іх вы знойдзеце ў творах Янкі Маўра і не застаняцеся абыякавымі. Шмат у аўтара і цудоўных рэалістычных твораў.
А цяпер – заданне.
На сайце “Вясёлкі” www.veselka.by прачытайце апавяданне Янкі Маўра “Багіра”. Намалюйце гераіню. Калі ў вас дома жыве кот, раскажыце “Вясёлцы” пра яго. Самыя цікавыя апавяданні будуць надрукаваныя.
Вася ВЯСЁЛКІН