Які свет абраць?
Лука чытаў шмат кніг, праз іх спазнаваў і ўспрымаў розныя сусветы. Пасля прачытання кніг і прагляду фільмаў яму заўжды карцела прайсціся шляхамі Хобіта і Багінса, Тома Соера і Олівера Твіста, Дораці, Ільва, Жалезнага чалавека. Але дарослыя спынялі яго: “Гэта мінулыя часы”. Калі ж Лука хацеў выправіцца ў шлях па “Зорных сцяжынках”, яму казалі: “Гэта свет будучыні”.
Лука крыўдаваў: “Што б я ні абраў, у іх ёсць адгаворка. Існуе столькі светаў, а я мушу жыць у гэтым, самым сумным! Хадзі ў школу, рабі ўрокі, слухайся настаўніка, слухайся маму і тату, слухайся бабулю і дзядулю… Ці ёсць мяжа іх свету?”
Аднойчы Лука спытаўся ў таты:
– Ці магу я абраць свой свет?
– Сынок, твой свет зараз самы лепшы – у ім няма ні клопатаў, ні цяжкіх абавязкаў.
Расчараваны Лука пайшоў да дзядулі – спадзяваўся, што атрымае ад яго больш цікавы адказ. Дзядулю вельмі расчуліла пытанне ўнука.
– Лука, што можа быць лепшым, чым свет дзяцінства? Эх, калі б я мог вярнуцца ў твой свет!
Але хлопчыка і гэты адказ не задаволіў. Ён падышоў да мамы. Яна пацалавала яго і прамовіла:
– Лука, сынок, ты – мой самы шчаслівы і самы лепшы свет!
Не знайшоўшы адказу, якога шукаў у дарослых, хлопчык падумаў: “Што мне яшчэ застаецца, апроч як ствараць свае ўласныя сусветы?” Узяў алоўкі і пачаў маляваць сусветы на паперы – ён укладваў у іх усё сваё багатае ўяўленне, фантазію, яркія фарбы.
Калі Лука вырас, стаў вядомым мастаком і цяпер часта паўтарае сваім дзецям: “Старайцеся самі ствараць светы. Наколькі будзеце цікавымі вы самі, настолькі цікавымі атрымаюцца і створаныя вамі светы”.
Слабадан Вуканавіч
Пераклала Святлана БОГУШ