Мацвейкавы навукі
Пятница, 26.02.2016 07:06. Рубрика: БУСЯ
Пачынаюцца навукі:
Спазнае Мацейка гукі.
Паўтарае спрытна, лоўка.
“Му” – так кліча нас кароўка,
“Бе” – так козачка гукае,
“Мяў” – так коціка пазнаем,
“Кар” – варона кліча з дрэва,
Заглушае птушак спевы.
Певень крыкне на двары:
“Хопіць спаць, гаспадары!”
Мацей пакуль не знае словаў,
А песні падпяваць гатовы,
Бо дзед яму пяе штодня
Усё пра сівага каня.
І голас льецца і звініць,
Як недзе сівы конь бяжыць.
І хоць Мацвейка слоў не знае,
Ахвотна дзеду падпявае.
Вучыць баба, вучыць дзед,
Спазнае Мацвейка свет.
Свет прыгожы і багаты.
Вучыць мама, вучыць тата.
Вось прачнуўся і паснедаў,
Прыступае зноў да ведаў.
Колькі радасных падзей!
Спасцігае свет Мацвей!
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ