Казка пра дзядулю, пра зайцоў і шэрага ваўка
Ішоў па лесе дзядуля, нёс абярэмак галля, стаміўся, на пянёк прысеў.
– Вох, цяжка жыць старому.
А зайка сядзеў пад елкай, пачуў і кажа:
– Дзядуля, дазволь, я дапамагу табе аднесці вязанку да хаткі.
Здзівіўся дзядуля:
– Як жа ты, зайка, аднясеш вязанку? Яна цяжкая, табе і не падняць.
– А я не адзін панясу, – адказаў зайка. – Нас у лесе шмат. Мы вязанку разбяром па галінцы, па дубчыку і аднясем, ды яшчэ ў лесе збяром столькі дроў, што табе на ўсю зіму хопіць. – І пабег зайка клікаць сваіх прыяцеляў.
Пакуль дзядуля адпачываў, збегліся зайцы з усяго лесу. Разабралі яны вязанку па галінцы, па дубчыку і панеслі да дзедавай хаткі.
Падышоў дзядуля да хаткі і вачам не верыць – там ужо цэлая гара дроў. А зайцы працуюць: хто з лесу дровы носіць, хто падае, а хто ў кучу складае.
Убачыў воўк, што зайцы дровы носяць, раззлаваўся ды як загырчыць:
– Куды гэта вы дровы носіце?! Хто дазволіў?!
– Мы дзядулю дапамагаем, – адказалі зайцы, – ён стары і слабы.
– А, дык вы старому дапамагаеце ?! – яшчэ гучней зароў воўк, і поўсць у яго на спіне ўздыбілася. – Я чакаю не дачакаюся, калі ён стрэльбу з рук выпусціць. Тады ўжо я з ім распраўлюся і навяду ў лесе парадак. А вы яму дапамагаць надумалі… Зараз жа перастаньце дровы насіць! Хай ён без дроў мерзне.
– Нам шкада дзядулю, мы не хочам, каб ён мёрз.
– Дык вы мяне не слухаецеся?! Я вас за гэта з’ем!
Спалохаліся зайцы, кінуліся ўцякаць, а воўк – за імі. Прыбеглі зайцы на дзядулеў двор, ды як заверашчаць, заплачуць:
– Ратуйце нас, дзядуля!
Схапіў дзядуля стрэльбу, а тут і воўк перад ім.
– Стой, разбойнік! – крыкнуў дзядуля і прыцэліўся. Спалохаўся воўк. Назад падаўся, аб пень спатыкнуўся, праз галаву перакульнуўся і панёсся без аглядкі.
З тых часоў забыўся воўк дарогу ў гэты лес. Весела цяпер зайчыкі ў лесе жывуць, дзядулю ў працы дапамагаюць і яго казкі слухаюць. А дзядуля майструе зайцам розныя цацкі-бразготкі, арэлі, канькі ды санкі.
Вось і канец нашай казцы.
Рыгор Шакулаў
З рускай мовы пераклала Святлана БОГУШ