Каштанчык
Увосень на сумнай пустцы побач са школай дзеці пасадзілі каштаны. Саджанцы маладыя і тонкія, таму ўсю зіму дзеці перажывалі, ці не змерзнуць яны, ці прымуцца. І ўявіце сабе: вясной на ўсіх шасці дрэўцах з’явіліся вялікія, радасна-зялёныя лісточкі. Усе каштаны прыняліся! Пустка, дакладней, былая пустка стала вельмі ўтульным і вясёлым месцейкам.
Але праз некалькі дзён у вясёлым месцейку адбылося зусім невясёлае здарэнне. Нехта бяздушны, або бяздумны, або злы адламаў у самага крайняга дрэўца галінку. Астатнія каштаны абурана шапацелі сваімі ўзорыстымі лісточкамі і гучна спачувалі параненаму дрэўцу. А паранены каштан зусім не хацеў выглядаць бездапаможным і жаласным. Ён хацеў быць прыгожым, моцным і шчаслівым. Нават без адной галіны.
І вось адной светлай майскай раніцай пяць каштанаў заўважылі на шостым, з адламанай галінкай, дрэўцы асляпляльна-прыгожую бела-ружовую кветку. Велічна і пяшчотна пазірала яна на іх амаль з самай вершаліны дрэўца. І хоць ні ў аднаго з пяці каштанаў такога дзівоснага ўпрыгажэння яшчэ не было, кожны з іх шчыра радаваўся за сябра. Усе, хто праходзіў побач, захапляліся цудоўнай кветкай і мужным дрэўцам. Прызнацца, каштану з адламанай галінкай гэта было надзвычай прыемна.
Але паступова бела-ружовыя танюткія пялёсткі, якія рабілі кветку такой асляпляльна-прыгожай, пачалі асыпацца, а потым і ўвогуле на іх месцы з’явіліся тры маленькія зялёныя шарыкі, спрэс у калючых іголках. Каштан спачатку засмуціўся. Аднак шарыкі былі такімі забаўнымі і смешнымі, што ўрэшце ён палюбіў іх.
Зноў надышла восень. Вецер усё часцей завітваў да дрэўцаў і аднойчы так расхістаў калючыя шарыкі, што яны адзін за адным адарваліся ад галінкі і ўпалі на зямлю. А самы вялікі з іх нават раскалоўся на дзве палавінкі. З іх выкаціўся вільготны карычневы каштанчык і адразу злавіў прамень ласкавага восеньскага сонейка.
– Які бліскучы, які цудоўны! – усклікнула дрэўца з адламанай галінкай.
І палюбіла яго гэтак жа моцна, як бела-ружовую кветку і зялёныя шарыкі. Каштанчык бестурботна ляжаў у сакавітай траве і грэўся на ласкавым сонейку.
У гэты час па дарожцы ішоў хлопчык. Менавіта ішоў, а не бег, як усе іншыя хлопчыкі, таму і паспеў заўважыць у траве бліскучы каштанчык. Падняў яго, задуменна разгледзеў і паклаў ў кішэню.
– Адчуваю, мой каштанчык трапіў у добрыя рукі, – супакоена зашапацела пажоўклай лістотай дрэўца.
Хлопчык дайшоў да бліжэйшай лавачкі, сеў на яе і цяжка ўздыхнуў.
– Хлопчык, ты сумны? – спытаў каштанчык.
– Я зусім сумны, – адказаў хлопчык.
– Чаму ж ты зусім сумны? – занепакоіўся каштанчык.
– Хутка ў нашым класе вялікае восеньскае свята. Усе будуць спяваць, танцаваць, расказваць вершы. А я вельмі дрэнна спяваю, ніколечкі не ўмею танцаваць і ў мяне не атрымліваецца расказваць вершы, – прызнаўся хлопчык. – І зноў мая мама засмуціцца і будзе шкадаваць мяне.
– Тады прыдумай і распавядзі на свяце казку! – прапанаваў каштанчык.
– Але казак у нас яшчэ ніхто ніколі не распавядаў, – засумняваўся хлопчык.
– Вось ты і будзеш першы! – не здаваўся каштанчык. – Я нават ведаю якую.
Пэўна, і вы, сябры, здагадаліся, пра што будзе тая казка. Ну, вядома ж, пра дрэўца з адламанай галінкай.
Хлопчык радасна сціснуў у руцэ каштанчык і шпарка пабег дамоў –запісваць казку.
Галіна Пшонік