Уладзiмiр Лiпскi прэзентуе сваю новую кнiгу!
12 лютага 2016 года ў 12.00 на галоўнай пляцоўцы БелЭКСПА (пр. Пераможцаў, 14) у межах XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца прэзентацыя часопісаў “Вясёлка” і “Буся”. Прадстаўляе выданні галоўны рэдактар, вядомы пісьменнік Уладзімір Ліпскі.
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі ўзначальвае творчы калектыў “Вясёлкі” з 1978 г. Ён аўтар кніг аповесцей, апавяданняў, казак для дзяцей “Рыгоркавы прыгоды”, “Марынчына казка”, “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска”, “Лаўрэнавы працадні”, “Пралескі ў небе”, “Антонік-понік”, “Наша Маша”, “Прыгоды нуліка”, “Я тут жыву: дзецям пра Беларусь” і інш. Атрымаў літаратурныя прэміі імя Я. Маўра, В. Віткі, міжнародную прэмію А. Швейцара, спецыяльную узнагароду “За асабісты ўклад у развіццё дзіцячай прэсы” ХІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера”. Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, ордэнам Ф.Скарыны.
У 2013 г. рэдакцыя “Вясёлкі” папоўнілася новым выданнем ― выйшаў першы нумар чытанкі-маляванкі для дашкольнікаў “Буся”. Часопіс адразу ж прыцягнуў увагу запамінальнымі публікацыямі, яркімі малюнкамі.
Падчас прэзентацыі Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі раскажа як ствараюцца нумары “Вясёлкі” і “Бусі”. У творчай размове прымаюць удзел: Раіса Баравікова, Алена Масла, Анатоль Зэкаў, Казімір Камейша, Анатоль Бутэвіч, Дар’я Лёсава, Анатоль Бараноўскі.
Вас чакаюць:
― уручэнне прэмій імя Васіля Віткі за 2015 г.;
― займальная мультымедыйная прэзентацыя для яе ўдзельнікаў з элементамі інтэракцыі “Вясёлкі” і “Бусі”;
― можна папазіраваць на фоне банера часопіса і зрабіць здымак умоўнай вокладкі выдання ад фатографа “Вясёлкі” Дзмітрыя Сапсая;
―можна пачуць вучэбна-метадычныя парады ад метадыста Нацыянальнага інстытута адукацыі Ірыны Буторынай.
Вядучая прэзентацыі ― Анастасія Радзікевіч.
Сардэчна запрашаем на прэзентацыю нашых часопісаў!