У Мінску адкрылася выстава “Калыханцы-35!”
Учора а 17-й гадзіне мы вярнуліся ў дзяцінства: у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрылася выстава “Калыханцы-35!”.
Сяброўская атмасфера, чароўны антураж, добра вядомыя калыханачныя героі: Буслік, ласун Топа, лісічка Яна – усё гэта дазваляе адчуць сябе ў краіне бесклапотнага дзяцінства. Да 1 сакавіка ў кожнага ёсць унікальная магчымасць узгадаць тую “Калыханку”, якая засталася ў памяці. У Музеі прадстаўлена больш за 40 адрэстаўрыраваных лялек, якія змянялі адна адну на працягу 35 гадоў. Акрамя таго, сярод экспанатаў ёсць рарытэтныя фотаздымкі, розная атрыбутыка, а таксама калекцыя касцюмаў вядучых усіх часоў.
На адкрыццё выставы павіншаваць “Калыханку” з юбілеем прыехала аўтар ідэі і маці праграмы Ніна Шоба. Са слязамі на вачах яна ўспамінала ўсю гісторыю тэлеперадачы і яе герояў, адзначыла, як складана было канкураваць з расійскай праграмай “Спокойной ночи, малыши”:
– Унікальнасць “Калыханкі” ў тым, што яна заўсёды была і застаецца беларускамоўнай праграмай з нацыянальным каларытам, – адзначыла Ніна Вячаславаўна.
Галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі павіншаваў “Калыханку” казкай пра “А” і “Б” і падараваў музею праграмы памятныя падарункі. Кампазітары Леанід Захлеўны і Васіль Раінчык сыгралі на раялі і спелі свае знакамітыя песні “Дзед Барадзед” і “Доўгі дзень”, якія ўвайшлі ў гісторыю “Калыханкі” і сталі яе гімнам.