Першае знаёмства з Радзівіламі
Скарбы Нясвіжскага замка
Сонейка ярка свяціла, але цеплыні не адчувалася. У машыне, якая рухалася ў бок Нясвіжа, прыемна і камфортна.
– Мама, слухай, а чаму мы раней не ездзілі ў Нясвіж?
– Не было нагоды, ды і дача бліжэй. Да хаты дзядулі з Мінска ехаць сто дванаццаць кіламетраў, да дачы ўсяго трыццаць. І дзядулі ўжо даўно няма…
– А каму вы яе прадасце? – не спыняўся Янка.
– Добрым людзям, – цяжка ўздыхнуўшы, адказала маці.
Невялікі беларускі горад Нясвіж вядомы ва ўсім свеце, бо менавіта тут была рэзідэнцыя шляхетнага роду Вялікага Княства Літоўскага – Радзівілаў.
Нясвіжскі замак Радзівілаў, самы наведвальны з замкаў Беларусі. У 2005 годзе замкавы комплекс у Нясвіжы ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ён знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы горада, акружаны маляўнічымі сажалкамі на рацэ Уша і пышнымі паркамі.
Гэтую інфармацыю мінская сям’я прачытала ў “Вікіпедыі”. І вось нарэшце яны ў слынным горадзе.
– Янка, паглядзі, як тут прыгожа, якія цікавыя будынкі. А якія хаты! – дзівавалася сястрычка.
– Кацюша, я ж табе чытаў, што гэта вельмі старажытны горад. Упершыню Нясвіжскі замак згадваецца ў летапісах трынаццатага стагоддзя. Тады ён належаў Юрыю Нясвіжскаму, вядомаму ўдзельніку бітвы 1224 года з татарамі на рацэ Калцы. Аж да канца пятнаццатага стагоддзя Нясвіжскія князі валодалі замкам на правах нясення ваеннай службы. Пасля чаго ў 1492 годзе Нясвіж і Нясвіжскі замак перайшлі князям Кішкам. У 1513 годзе князёўна Ганна з іх роду заручылася з Янам Радзівілам. А ён быў з магнацкага роду. У пасаг да маладой жонкі Радзівіл атрымаў і Нясвіжскі замак, які стаў рэзідэнцыяй князёў на некалькі стагоддзяў.
– О, таго Радзівіла звалі як цябе, – узрадавалася таму, што зразумела дзяўчынка.
– Ну, можа я на яго нават падобны, хто ведае, Кацюша.
– Як гэты замак прастаяў столькі гадоў і там усё захавалася?
– Ён не так проста прастаяў, там зрабілі рамонт – рэстаўрацыю. Рэстаўрацыяй замка ў Нясвіжы пачалі займацца толькі ў 2004 годзе, але ўжо праз 7 гадоў Нясвіжскі замак быў адкрыты для наведвання і стаў гістарычна-культурным музеем-запаведнікам. Замак у Нясвіжы – найвялікшы і найпрыгажэйшы з замкаў Беларусі.
– А што, у гэтых Радзівілаў, было столькі грошай, што яны змаглі адрамантаваць цэлы замак? – пацікавілася дзяўчо.
– Ды не, я ж табе чытаў, што яго былую веліч і прыгажосць аднавілі за кошт нашай дзяржавы.
– Не разумею: ты сказаў, што яны былі не бедныя людзі, а чаму самі нічога не зрабілі?
– Добра, пачнем з пачатку, прачытаю, як напісана ў энцыклапедыі: на тэрыторыі цяперашняй Беларусі знаходзілася мноства ўладанняў і зямель, якія належалі Радзівілам. Ян Радзівіл Чорны, ты ўжо пра яго чула сёння, у пачатку шаснаццатага стагоддзя размеркаваў свае землі паміж трыма сынамі. Цэнтр знаходзіўся ў Нясвіжы, які сумесна з Нясвіжскім замкам і дастаўся Мікалаю Хрыстафору Радзівілу па мянушцы Сіротка, старэйшаму сыну Яна. Радзівіл Сіротка загадаў на месцы старога, спаленага, драўлянага замка пабудаваць новы, з каменю, непрыступны, варты роду Радзівілаў. Будаваць пачалі па вясною 1583 года. Праз сем гадоў на берагах ракі Вушы ўзвялі магутную і непрыступную крэпасць, самую дасканалую па тым часе. Замак з усіх бакоў акружылі шырокім ровам і валам. Праз роў перакінулі драўляны мост, які ў выпадку аблогі можна было б хутка разабраць, а вал вышынёй у 20 метраў умацавалі валунамі. Па кутах вала размяшчаліся бастыёны. Унутры вала пабудавалі стайні і патаемныя хады. На цэлае стагоддзе Нясвіжскі замак стаў самым умацаваным і дасканалым абарончым замкам Беларусі, вытрымаўшы нямала непрыяцельскіх нападаў…
– Ого, дык гэта Сіротка заклаў замак, а… – не паспела запытаць Каця, як маці паклікала іх з братам у хату.
– Ну што, мае коцікі, разгледзелі ўсё наваколле?
– Так, мама, я не ўсё паспеў расказаць сястрычцы, але гэта потым. А дзе тата?
– А ён палез на гарышча, – адказала маці.
– О, тут яшчэ і гарышча ёсць!
– Так, дзедаў дом двухпавярховы, а пад дахам – гарышча. Але там няма нічога цікавага: старая мэбля, якой не карысталіся, кніжкі, якія даўно не чыталі, цацкі, з якімі даўно не гулялі…
– Я павінен гэта пабачыць на свае вочы, а раптам там рэчы часоў Радзівілаў!
Анастасія Радзікевіч