Лялькі-марыянеткі
У “Музеі дзяцінства” мы пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця лялек-марыянетак. Яны сустракаюць вас на ўваходзе ў музей і на “Лесвіцы клоўнаў”. Бравы салдат Швейк і Пінокіа прыехалі ў Беларусь з Прагі, сталіцы Чэхіі. (Фота Пінокіа і Швейка).
Марыянетка – гэта лялька, якая рухаецца пры дапамозе нітак. Паводле адной версіі, слова “марыянетка” паходзіць ад назвы старажытных лялек, якія паказвалі Дзеву Марыю. Нібыта ад французскіх памяншальных формаў імя Марыя – Mарыён, Марыёта, Марыёле – і сталі ўрэшце звацца лялькі. Паводле іншай версіі, марыянеткамі лялек назвалі ў гонар італьянскага лялечніка Марыёлі.
Колькасць нітак, пры дапамозе якіх лялькі рухаюцца, бывае большай за дваццаць. Кіраваць такой лялькай надзвычай складана, не кожны справіцца.
Самыя першыя лялечныя прадстаўленні з выкарыстаннем марыянетак былі ўжо ў Старажытным Егіпце. З іх дапамогай разыгрываліся гісторыі з жыцця багоў. Людзі не наважваліся “прымерыць” на сабе іх ролі – раптам багі ўгневаюцца? А лялькі маглі гэта рабіць! Яшчэ людзі меркавалі, што ў лялек усяляюцца душы памерлых – і да іх заўжды ставіліся па-асабліваму. Нібы да асобнага народа, які ажывае з дапамогай людзей – але ж мае сваё, не залежнае ад чалавека і ў многім не да канца зразумелае яму жыццё.
Прадстаўленні з удзелам лялек-марыянетак былі ў часы Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма, аднак росквіту лялечнае мастацтва дасягнула ў Італіі ў 16 стагоддзі. Лялечнікі са сваімі спектаклікамі шмат вандравалі. На пачатку 17 стагоддзя ў акцёраў-марыянетачнікаў з’явіліся свае тэатры. Наступнай краінай, якую “заваявалі” марыянеткі, была Францыя. Паступова гэтыя лялькі рассяліліся па ўсёй Еўропе.
У Беларусі лялькі-марыянеткі жывуць таксама. Яны працуюць на сцэнах лялечных тэатраў, якія ёсць ва ўсіх абласных гарадах і ў сталіцы!
Лялькі-марыянеткі з “Музея дзяцінства” запрашаюць да сябе ў госці. Адрас музея: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 28, памяшканне 24А. Музей мае свой сайт www.museumd.by
Тым, хто хоча зарабіць скідку на ўваходны білет, трэба адказаць на пытанне.
У Беларусі ў 16 стагоддзі ўзнік першы народны тэатр лялек. Паказвалі ў ім пераважна калядныя гісторыі. Гэты тэатрык апошнім часам адрадзіўся і мае надзвычайную папулярнасць. Як ён называецца? Згадайце традыцыйных герояў гэтага тэатрыка.
Свае адказы дасылайце на адрас “Вясёлкі”.
Алена Масла