Камар-свістун
Четверг, 4.02.2016 07:52. Рубрика: Вершы, Хвілінкі-весялінкі
Небыліца
Жыў ды быў сабе Камар,
У кашулі, сшытай з хмар.
Вершы ён умеў складаць,
А яшчэ ж –
Умеў свістаць.
Закладзе травіну ў рот
Ды як свісне –
Цэлы год
Будзеш помніць свіст яго.
Камарыны свіст пачуўшы,
Воўк сядзіць,
Заткнуўшы вушы.
А Мядзведзь ў бярлозе-хаце
Дзіркі ўсе заканапаціў.
Свіст да болю невыносны,
Нават вецер збег у сосны.
А Камар, як шалапут,
Лезе, свішча
Там і тут.
Як ягоны свіст спыніць?
Можа, лепш
Няхай звініць?
Хоць назойліва,
Аднак
Слухаць звон –
Не страшна так!
Вось які ён, зух Камар,
У кашулі, сшытай з хмар.
Уладзімір БАБКОЎ