Паміж ручаямі і ліўнямі…
Вторник, 2.02.2016 07:45. Рубрика: Вершы
Паміж ручаямі і ліўнямі,
Паміж маразамі і спёкамі
Праходзіць граніца дзіўная –
Наіўная, блакітнавокая.
Граніца з пралесак сплецена:
Пралескі пускаць не павінны
Зімовых завей да квецені,
Снегу – да зеляніны.
Ды – хочаш не хочаш – сыходзяцца:
Не лічацца вёсны з граніцаю!
І пахнуць пралескам даводзіцца
Марозам і навальніцамі.
Янка СІПАКОЎ
Янка СІПАКОЎ (15.01.1936 – 10.03.2011) – беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. У гэтым месяцы спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння славутага земляка.