“Сямейнае чытанне”
Сябры!
У новым годзе “Вясёлка” запрашае вас у падарожжа па свеце літаратурных герояў, створаных беларускімі пісьменнікамі. Так мы пачынаем рыхтавацца да нашага свята – юбілею часопіса “Вясёлка”: у наступным годзе яму спаўняецца 60 гадоў!
Пра творы, якія доўга жывуць, кажуць: “Правераныя часам”. Казкі, напісаныя славутым Васілём Віткам, належаць менавіта да такіх. Цэлую сябрыну герояў гэтых казак намалявў на вокладцы наш мастак. А вы можаце назваць іх? Клічце на дапамогу бацькоў, дзядуляў і бабуль – найхутчэй, яны з імі добра знаёмыя. Бо казкі Васіля Віткі – акурат тыя самыя, на якіх і яны гадаваліся і якія да гэтай пары цікавыя дзецям.
А зараз – заданне.
Намалюйце вашых любімых герояў казак Васіля Віткі і дашліце малюнкі ў рэдакцыю.
Адшукайце ў сямейнай бібліятэцы кнігі Васіля Віткі і даведайцеся гісторыю з’яўлення іх у вашым доме – падзяліцеся гэтымі аповедамі з намі.
Аўтараў самых цікавых допісаў і малюнкаў чакаюць падарункі!
Вася ВЯСЁЛКІН