Конкурс “Чароўны куфэрак”
Забавы
Белы, лёгкі і пушысты
Снег пакрыў зямлю ўсю чыста.
Было радасці малым,
Як каталіся з гары!
Бабу снежную ляпілі,
Смех і шчасце ўсім дарылі.
Дар’я КАЛЯСЕНЬ,
г. Лагойск, СШ № 1.
Сучасная зіма
Мама казала: раней было снегу
Шмат, і сумёты – пад самыя стрэхі.
Каталіся дзеці на лыжах і санках
У цёплых валёнках і шапках-вушанках.
Зараз жа: дзе там да лыжаў і санак!
Гумовыя боты абуўшы пад ранак,
Пад ціхія, мяккія гукі дажджу
Я ў школу па мокрай дарожцы хаджу.
І доўга здзіўляюся потым сама:
Можа, усё ж завітае зіма?
Кацярына ГАЛАВІНА,
г. Мінск, гімназія № 28.
Грыбы
Назбіралі мы грыбоў,
Поўны кош баравікоў.
А на сцежцы сыраежкі
Падарылі нам усмешкі.
Вось вясёлыя апенькі,
Мы сабралі іх у жменькі.
Яўген Рэўт,
г. Любань, СШ № 1.
Казка для мамы
Раскажу табе я, мама,
Як са школы раз ішоў
І пабачыў побач з крамай
Павялічаных жывёл.
Крочыў вожык мне насустрач
Высачэзны, быццам слон,
Перайшоў дарогу шустра
І звярнуў на стадыён.
Паспяшалася ўслед панда,
Велізарная, бы вол.
Скажам проста: ўся каманда
З павялічаных жывёл
Тут збіраецца ў суботу
З мэтай – шайбу паганяць
У гіганцкія вароты…
Мама, можна мне не спаць?
Сафія Мельнічук,
г. Мінск, СШ № 136.
Хуткая дапамога
Жыла-была ў лесе елачка. У параўнанні са сваімі сяброўкамі яна была вельмі маленькая. Елачка расла павольна, бо нарадзілася ў неспрыяльным месцы, і ёй даставалася мала цяпла і святла, не было абароны ад злых вятроў. Але ж, як вядома, дрэвы не мяняюць радзіму, якой бы яна ні была.
Лясныя жыхары любілі і шкадавалі маленькую елачку, заўсёды віталіся з ёй. Калі зімой ударылі моцныя маразы, елачка пачала замярзаць. Ад холаду ў яе апусціліся лапкі. Першымі гэта заўважылі вавёрачкі і вырашылі выратаваць зялёную сяброўку.
Непадалёк ад лесу стаяла старая закінутая хатка. Вавёрачкі пабеглі туды і знайшлі на падлозе коўдру. Яна была цяжкая, вавёрачкі ледзьве здолелі падняць яе. Але думка пра тое, што елачка можа загінуць, надавала ім сілы. Па дарозе яны сустрэлі ваўка і вельмі спалохаліся.
– Куды скачаце? – грозна спытаў воўк.
– Да маленькай елачкі!
– Навошта коўдру цягнеце?
– Яна замярзае, мы павінны сагрэць яе.
Даведаўшыся, што вавёрачкі стараюцца дапамагчы дрэўцу, воўк адпусціў іх.
Хутка вавёрачкі дабраліся на месца. Яны ўзялі коўдру за куточкі і скокнулі ў розныя бакі – ураз елачку захуталі. Дрэўца падзякавала вавёрачкам за цяпло і клопат. А тыя былі рады, што ўратавалі елачку.
Ліяна Волегава,
г. Барысаў, СШ № 10.