Ваня-кніжнік
Майму ўнуку Ваню пяты годзік пайшоў. Ён гарэза, весялун, галасок яго звініць цэлы дзень, што званочак, цешыць маму, тату. І мяне, дзядулю, – старога, нядужага. Але не толькі галасок радуе, нярэдка – і яго разважанні. Яны бываюць разумныя, як у дарослага, толькі больш вясёлыя, дарослыя бываюць нуднымі. Ваня такім не бывае ніколі. І дзеянні яго часта здзіўляюць сваёй кемнасцю, практычнасцю.
Калі Ваню было тры годзікі ці трохі больш і ён навучыўся слухаць казкі, вершы, апавяданні. У хаце кніг было вялікае мноства. Але Ваня ўжо ведаў, што яны не дзіцячыя, бо тоўстыя і без малюнкаў. І вось мама разам з ім зайшла ў кнігарню.
А ў кнігарні ў Вані заблішчэлі вочкі перад стэндам, на якім былі выстаўлены дзіцячыя кніжкі, прыгожа размаляваныя выявамі людзей, жывёл, птушак, дрэў, рэчак, мора, неба.
– Мама, дай, – працягнуў ручкі Ваня да кніжкі, на вокладцы якой быў намаляваны коцік. – Кіса-коця.
– Тут, Ванечка, не даюць, а прадаюць. Трэба казаць: купі.
– Купі, мама.
Вядома ж, купіла, бо мама Алеся помніла, што ў маленстве сама была кніжніцай. Дый засталася ёй: стала літаратуразнаўцам. Так у доме з’явілася першая кніжка, якую папрасіў купіць Ваня. Пра маленькага хлопчыка Жыхарку і яго сяброў – ката і вераб’я.
На другі дзень, калі выйшлі гуляць, Ваня ўпарта не захацеў ісці ў парк, цягнуў маму за руку ў другі бок, на горку.
– Куды, Ваня?
– У ма-га-зін.
– Ах, у кніжны! – здагадался мама.
Пайшлі.
Ваня паказаў пальчыкам на кніжку, якая яму падабалася:
– Купі, мама.
Так паўтаралася на трэці дзень, на чацвёрты, пяты… Рэдка ў які дзень маме ўдавалася ўгаварыць Ваню пагуляць у іншым месцы, далей ад кнігарні. У прадуктовы магазін, дзе яму куплялі цукеркі, шакаладкі, хлопчыка так не цягнула: зайшлі – добра, не зайшлі – не перажываў, без цукерак абыходзіўся, без кніжкі – не.
Ваню ведалі ўсе прадаўшчыцы і весела сустракалі:
– Ваня прыйшоў!
– Наш пастаянны пакупнік!
– Добры дзень, Ванечка!
І Ваня паводзіў сябе з цёткамі як добры знаёмы, а з кнігамі – як гаспадар. Сам выбіраў кніжку, прыносіў яе да касы, каля якой маці, радасна пасміхаючыся, даставала з кашалька грошы.
За паўгода дзіцячых кніжак у кватэры сабралася многа. Я зайздросціў Ваню, успамінаючы сваё маленства. Кніжак тады было мала. Здзіўляўся, чаму раней, калі раслі мае дзеці, старэйшыя ўнукі, дзіцячых кніжак столькі не набіралася. Урэшце Ванеў тата купіў кніжную шафу – спецыяльна для сынавых кніжак. Запоўнілі яе з ніжняй да верхняй паліцы. Праўда, сярод кніжак нямала такіх, да якіх Ваня яшчэ не дарос. Дарасце. Ужо ведае ўсе літары, сам спрабуе чытаць.
Ваня ганарыцца сваёй бібліятэкай і ўсім яе паказвае. Гасцей ён любіць.
Прыехаў другі яго дзядуля, Валодзя, які жыве далёка ў раёне. Ваня радасна сустрэў яго і, не даўшы распрануцца, выкласці падарункі, за руку пацягнуў у пакой.
– Хадзем, паглядзі маю бібліятэку, дзед.
Прыйшла сястра яго дваюрадная, Маша, і ёй – першае пытанне:
– Машачка, дзіця маё, ты бачыла маю бібліятэку?
А Машы дваццаць пяць гадоў, але так, дзіця маё, называю старэйшую ўнучку я, калі размаўляю з ёй па тэлефоне.
Нязвыклая цішыня ў хаце. Чаму? Што робіць Ваня? Мяне ж пакінулі пільнаваць яго. Заглядваю ў пакой. Тут ён! Стаіць на крэсле перад адчыненай шафай, з чыстым ручніком.
– Ваня, што ты робішь тут?
– Выціраю пыл з кніг.
– Адкуль тут пыл? Тата пыласосіў… І з тваіх кніг ён выціраў пыл.
– Не ўсюды выцер…
У маім кабінеце – на ўсю сцяну – кнігі, якія не чытаюцца ад вокладкі да вокладкі: энцыклапедыі, слоўнікі, розныя даведнікі, навуковыя кнігі, заглядваць у якія патрэба нячастая. І на іх мог сесці пыл.
Перад сном Ваня выбірае кніжку на свой густ. І мама чытае яму пра дзівосныя прыгоды хлопчыкаў і дзяўчатак, звяркоў, птушак…
Ваня засынае з усмешкай на вуснах…
Іван ШАМЯКІН