Слімаковы ножкі
Кацярынка адчыніла дзверы ў пакой дзеда Лявона і проста з парога запатрабавала.
– Пра Слімака раскажы!
– Пра якога Слімака? – перапытаў дзед, не адрываючыся ад працы.
– Ну памятаеш, як чарвякі, слімакі і смаўжы страцілі свае ножкі? Ты абяцаў!
– Памятаю, памятаю! Калі абяцаў, дык раскажу.
Кацярынка ўвайшла ў пакой і села на зэдлік каля стала. Відаць было, што яна зручна ўладкавалася.
– Што гэта ты ўселася, як жабка на купіне, – лагодна сказаў дзед Лявон, адкладваючы ўбок аловак, якім нешта занатоўваў у вялікім сінім сшытку.
– Слухаць! – адказала Кацярынка.
– Слухаць? А да сну хто рыхтавацца будзе?
– А казку хто абяцаў распавесці? – падхапіла Кацярынка, хітра прыплюшчыўшы вока.
– Калі абяцаў, дык распавяду. Але толькі тады, калі будзеш у ложку.
– Ну дзядулечка, ну…
– І не дзядулечка, і не родненькі… – перапыніў дзед Лявон Кацярынку. – Ты ў ложак, а я з казкаю – каля ложка. Дамовіліся?
– Ну што з табою зробіш, дзядулечка! – уздыхнула Кацярынка.
Неўзабаве дзяўчынка стаяла перад дзедам, выцягнуўшы рукі.
– Бачу! Чыстыя! Малайчынка! – сказаў дзед Лявон, абдымаючы ўнучку. – А цяпер у ложак.
Кацярынка хуценька шмыгнула ў ложак і нацягнула на сябе коўдрачку.
– Ну, я гатовая. Кажы казку.
– Казку? Калі ласка! Толькі якую?
– Як якую? – заміргала хутка-хутка Кацярынка сваімі доўгімі вейкамі. – Пра Слімака! Ну памятаеш, як Сараканожка забрала ножкі ў чарвякоў, слімакоў, смаўжоў…
– Вядома ж, памятаю, – узрадаваўся дзед Лявон Кацярынчынай падказцы. – Ачомаліся чарвякі, слімакі, смаўжы і ўсе астатнія “гулякі”, што страцілі свае ножкі гэтак бяздумна, і папаўзлі іх шукаць.
– Чаму папаўзлі? Яны што, спалохаліся нечага?
– Папаўзлі не ад страху, а таму, што не было чым ісці. Ножкі ж зніклі!
– Ага!.. Іх забрала Сараканожка, – пагадзілася Кацярынка.
– Не Сараканожка, а Бязножка, – паправіў дзед Лявон. – Раней яна была Бязножкай, а зараз ужо стала Сараканожкай. Дык вось, Чарвяк вырашыў, што ягоныя ножкі скрозь зямлю праваліліся. Стаў ён у зямлю закопвацца, ножкі свае шукаць. Да гэтага часу ў зямлі корпаецца – ножкі свае шукае. Смоўж на грыб палез, каб з яго лепш разгледзець, дзе яго ножкі падзеліся. Куснуў грыб, а той смачным яму здаўся. Ён заадно і павячэраў. З таго часу грыбамі і ласуецца.
– А Слімак?.. – не вытрымала Кацярынка. – Куды Слімак папоўз?
– Слімак папоўз да свайго дамка. Паўзе і бурчыць сам сабе: “Можа, свае ножкі я дома забыўся?” Папоўз Слімак да сябе ў дамок. Агледзеў усе завіткі-завітушкі – і не знайшоў! – адказаў дзед Лявон.
– Шкада, – сказала Кацярынка засмучана.
– І Слімаку шкада, – пагадзіўся дзед Лявон. – Высунуў ён свае рожкі з дамка, туды-сюды імі водзіць. За дамок зазірнуць хоча, а з дамка не вылазіць. “Яшчэ і дамок згублю”, – думае. І папоўз разам з дамком на пошукі сваіх ножак. А за сабой след пакідае, каб іншым разам на гэтым месцы ўжо не шукаць. Так і поўзае з дамком на спіне.
– Хітрун, – зазначыла Кацярынка, пазяхаючы.
– Вядома, хітрун, – пагадзіўся дзед Лявон, укрываючы Кацярынку. – З таго часу, калі хто знойдзе Слімака, то абавязкова скажа яму: “Слімак, Слімак, выстаў рожкі. Дзе згубіў свае ты ножкі?” Раней Слімак адказваў: “Я нідзе іх не губляў, іх, напэўна, нехта ўзяў”. Але потым надакучыла яму так казаць, і зараз ён проста хаваецца ў сваім дамку. Ну, а цяпер спаць…
– А раскажы яшчэ пра жабку, – падхапілася Кацярынка.
– Пра якую жабку?
– Якая сядзела на купіне, як я на зэдліку.
– Успомніла! Не, галубка мая, на сёння хопіць казак. Спаць пара, а пра жабку я табе іншым разам распавяду. Кладзі ручкі пад шчочку, як цябе баба Наталля вучыла, і засынай.
Кацярынка так і зрабіла.
– Прыемных табе сноў, – сказаў дзед Лявон і на дыбачках пакрочыў з пакоя.
Леанід УЛАШЧАНКА