Матэматычныя казкі
Аднаго разу сустрэліся Коска і лічбы Шэсць і Дзевяць.
– Як жывяце, шаноўныя? – пацікавілася ў лічбаў-сябровак Коска.
– Добра жывём, – адказала лічба Шэсць.
– Не сумуеце?
– Нам няма калі сумаваць, – запэўніла лічба Дзевяць. – Амаль кожны дзень працуем: разам з іншымі лічбамі розныя прыклады, ураўненні і задачы рашаем.
Коска ўважліва паглядзела на сябровак і прамовіла:
– Вы, як мне здаецца, адна да адной падобныя.
– Многія так кажуць, – азвалася лічба Шэсць.
– Некаторыя нас нават блытаюць, – усміхнулася лічба Дзевяць.
– Давайце я вас аднолькавымі зраблю, – нечакана прапанавала Коска. Іншы раз яна любіла пазабаўляцца.
– Ты не зможаш нас зрабіць аднолькавымі, – запярэчыла лічба Дзевяць.
– Чаму? – здзівілася Коска. Яна верыла, што ўсё-ўсё на свеце можа зрабіць, калі пастараецца.
– Бо мы розныя, – растлумачыла лічба Шэсць.
– Будзеце аднолькавымі, калі перакулю цябе! – зірнуўшы на лічбу Шэсць, усміхнулася Коска.
Лічба Шэсць са страхам паглядзела на Коску.
– Не хачу быць перакуленай! Не хачу!
– А якой ты хочаш быць? – засмяялася Коска.
– Хачу быць сама сабой – лічбай Шэсць!
– Я таксама хачу быць сама сабой – лічбай Дзевяць!
– Напалохаліся? – развесялілася Коска.
Лічбы Шэсць і Дзевяць развіталіся з Коскай і таропка пакрочылі па дарожцы.
Як знакі Плюс і Мінус мурашак правучылі
Сядзяць за сталом Рыжая і Чорная Мурашкі і рашаюць прыклады. А за акном на дварэ сонца свеціць, птушкі спяваюць.
“2 + 1 = 3”, – напісала Рыжая Мурашка.
“4 – 1 = 3”, – напісала Чорная Мурашка.
– Трэба хутчэй пісаць! – зірнуўшы ў акно, сказала Рыжая Мурашка.
Чорная Мурашка таксама зірнула ў акно і пагадзілася:
– Трэба хутчэй!
Хутка-хутка пішуць у сшытках Рыжая Мурашка і Чорная Мурашка. Але як кажуць? З вялікага спеху наробіш смеху. Рыжая Мурашка так напісала знакі Плюс, што яны да знакаў Множання сталі падобныя, а ў Чорнай Мурашкі знакі Мінус быццам Коскі атрымаліся.
– Усё! – выдыхнула Рыжая Мурашка. – Я напісала.
– І я напісала, – адгукнулася Чорная Мурашка.
Сяброўкі пераглянуліся, сшыткі на стале пакінулі і выбеглі на двор. Да самага вечара на дварэ гулялі, весяліліся. А ўвечары забеглі дадому, паглядзелі ў сшыткі і жахнуліся. Знакі Плюс і Мінус у іхніх сшытках на іншыя месцы сталі, перабеглі, можна сказаць.
“2 – 1 = 3”, – прачытала Рыжая Мурашка і скрывілася, як з’еўшы горкага.
“4 + 1 = 3”, – прачытала Чорная Мурашка і таксама скрывілася, як з’еўшы горкага.
– Анічога не разумею! – у роспачы ўсклікнула Рыжая Мурашка.
– А я зразумела, – здагадалася Чорная Мурашка. – Знакі Плюс і Мінус знарок месцамі памяняліся.
– Хіба мы іх пакрыўдзілі?– здзівілася Рыжая Мурашка.
– Мы іх непрыгожа напісалі, а яны вырашылі правучыць нас, – растлумачыла Чорная Мурашка.
– Каб помнілі, што заўсёды прыгожа трэба пісаць?
– Каб помнілі! – цяжка ўздыхнула Чорная Мурашка і звярнулася да знакаў Плюс і Мінус: – Даруйце нам, знакі Плюс і Мінус!
– Мы вас заўсёды прыгожа будзем пісаць! – паабяцала Рыжая Мурашка.
Пашкадавалі знакі Плюс і Мінус мурашак і вярнуліся на ранейшыя месцы, туды, дзе стаялі.
Аляксей Якімовіч