Дарункі дзецям
Понедельник, 15.02.2016 07:15. Рубрика: Вершы
Натамілася сонца. Ідзе на спачын.
Пад паветку сабраліся дзеці.
І задумліва-клопатна кожны маўчыць,
Цень трывогі на тварах не сцерці.
Так прайсці не магла. Узяла інтэрв’ю,
І адказы мяне ўскалыхнулі.
Кожны выказаў клопат і мару сваю –
Небяспеку малыя адчулі.
Закрануў іх таксама суровы наш час,
Уварваўся у гульні, малюнкі.
Словы “атам”, “вайна” – у іх моўны запас,
А ім трэба ад сонца дарункі,
А ім трэба зямля ў аксаміце садоў,
А ім трэба жытнёвыя песні,
А ім трэба шчаслівыя ўсмешкі сяброў,
Неабдымны блакіт паднябесся.
Вы, панове-вар’яты, глядзіце часцей
На траву, скіньце чорныя маскі.
Ва ўсім свеце гучыць заклік-просьба дзяцей:
– Не забудзьце пра нас, калі ласка!
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ