Оперны форум
Свет Вялікага тэатра
Званок на ўрок яшчэ не празвінеў, а вучні ўжо занялі свае месцы за партамі і цярпліва чакалі прыходу настаўніцы. У клас увайшла Вольга Анатольеўна, усе пільна сачылі разумнымі вочкамі за настаўніцай, бо адчувалі, што сёння яна будзе падводзіць вынікі праекта.
– Вось і заканчваецца чарговы год. Шумна, весела, хутка і незаўважна праляцеў. Зусім нядаўна, здаецца, быў студзень, а вось ужо зноў снежань. Мы ўзялі ўдзел у цікавым праекце “СВЕТ ВЯЛІКАГА ТЭАТРА”, які парадаваў нас насычанымі мерапрыемствамі, добрымі справамі, яркімі спектаклямі і цікавымі экскурсіямі. Давайце ўспомнім усе нашы прыгоды і паспрабуем адказаць на пытанні прыгодніцкай квэст-гульні, – урачыста прамовіла настаўніца.
– А падарункі будуць? – нясмела спытаў Кірыл.
– Давайце адразу дамовімся, што вы не будзеце хвалявацца, а пастараецеся засяродзіцца і ўспомніць, – супакоіла ўсіх настаўніца. – Калі ўсё атрымаецца, мы наведаем балет Ігара Стравінскага “Жар-птушка”, пастаўлены па матывах народных казак.
– Давайце пачынаць, – прапанавала Валянціна.
– Добра. Як называецца часопіс Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета?
– Ну, гэта лёгка! Ён называецца “Партэр”. Дарэчы, не так шмат тэатраў у свеце могуць пахваліцца штомесячным часопісам, які выходзіць на розных мовах, – выпаліў, што ведаў, Валерка.
– Так, правільна, але я трошкі ўдакладню твой адказ: часопіс “Партэр” – адзінае выданне ў краіне, якое прадстаўляе беларускае опернае і балетнае мастацтва. Аўтары пішуць цікава і займальна. Часопіс распавядае пра жыццё і творчасць вядомых танцоўшчыкаў і спевакоў, пра музыкаў, рэжысёраў і тэатральных мастакоў краіны і свету, адкрывае перад чытачамі закуліссе Вялікага тэатра, знаёміць з найбуйнейшымі культурнымі падзеямі замежжа. Выдаецца з верасня 2010 года на рускай, беларускай і англійскай мовах. У 2013 годзе часопіс “Партэр” стаў пераможцам IX Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая ліцера”.
– Ну, можна лічыць, я адказаў? – пацікавіўся Валерка.
– Лічым, што адказаў. Твая каманда атрымлівае адзін бал.
– Але да перамогі вам яшчэ далёка, – пажартавала настаўніца і прадоўжыла задаваць пытанні. – У 1955 годзе створаны першы дзіцячы оперны спектакль. Як ён называўся?
– Ну, гэта таксама не цяжка, – адазвалася Дар’я, – “Марынка” – так называўся спектакль.
– Малайцы, другая каманда! Вы ўсё правільна запомнілі. А зараз пытанне да трэцяга раду, нашай трэцяй каманды. Дзе знаходзіцца “Сэрца” тэатра і што гэта такое?
– Я ведаю! Можна, я? – пачаў прасіцца Кірыл.
– Калі ласка, Кірыл, твой варыянт адказу, – сказала настаўніца.
– “Сэрца” тэатра – гэта механічныя канструкцыі сцэны. І яшчэ я памятаю, што сцэна для паляпшэння бачнасці нахілена на чатыры градусы да глядзельнай залы і пры неабходнасці павялічваецца на чатыры метры.
– Абсалютна правільна, – пахваліла вучня Вольга Анатольеўна.
– Мяне ўразілі памеры і веліч сцэны, таму я і запомніў!
– Добра, наступнае пытанне: якія мерапрыемствы, святы праводзяцца ў Вялікім тэатры Беларусі?
– Мне запомніўся Навагодні баль. Мы да яго доўга рыхтаваліся, а мае бацькі нават на рэпетыцыі амаль кожны вечар ездзілі, – адказала Адрыяна.
– А я памятаю, як нам распавядалі пра міжнародны конкурс вакалістаў.
– Добра, а што вы запомнілі пра Мінскі міжнародны Калядны оперны форум? – паспрабавала ўдакладніць настаўніца.
– Гран-пры конкурсу – дзесяць тысяч еўра, за вылікам падаткаў. Такія ўзнагароды бываюць не на кожным конкурсе.
– Так, але часцей на конкурс імкнуцца не дзеля грошай, а для таго, каб сябе паказаць, іншых убачыць, рэальна ацаніць свае магчымасці. Згодныя? – пацікавілася Вольга Анатольеўна.
– Там жа сур’ёзнае журы з буйных тэатраў Канады, Германіі, Аўстрыі, Балгарыі, Узбекістана, Украіны, прадстаўнік еўрапейскіх оперных агенцтваў, – прамовіў Данііл, як бы збіраючыся ўдзельнічаць у конкурсе.
– Дык ты забыўся пра ўзрост. Можна прымаць удзел толькі тым, каму яшчэ няма 35 гадоў.
– Нам расказвалі, што ў тым годзе больш за дзвесце вакалістаў бралі ўдзел у конкурсе-форуме. Іх усіх журы праслухала за першы дзень. У другі тур прапусцілі толькі 30 канкурсантаў. У фінал выйшлі дзесяць спевакоў, прэтэндэнтаў на Гран-пры, першую, другую і трэцюю прэміі. І толькі трое пераможцаў праспяваюць ў гала-канцэрце зорак сусветнай оперы, якім закрываецца форум. Так што журы не так проста працаваць, – агучыў свае веды Вадзік.
– Так, але і журы мае права заснаваць свае прызы. Імі могуць быць, да прыкладу, выкананне партыі ў іх тэатры, – узгадала Злата.
– А я пра “Музычныя вечары ў Вялікім” і “Вечары сучаснага балета” ўспомніла, – ціхенька прамовіла Валерыя.
– А “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, – нагадаў Арцём.
– Малайцы, вы шмат чаго ведаеце пра Вялікі тэатр Беларусі, і мы ўсе абавязкова сходзім на спектакль “Жар-птушка”. Я вельмі рада, што за гэты год мы разгадалі некаторыя таямніцы тэатра і палюбілі яго, – гэтымі словамі Вольга Анатольеўна закончыла ўрок.
Анастасія Радзікевіч
Давайце разам падумаем, пра што нам было б цікава давецца ў наступным годзе, дзе пабываць? Можаце дасылаць вашы прапановы на электронную пошту: vyaselka2011@yandex.ru.