Румзаніда ў краіне Лялек. Гiсторыя пятая
Казка
Гісторыя пятая: з “рагаткай”, знаёмствам, пераменай імя і гасцямі
Вясельны поезд паказаўся на дарозе акурат тады, калі Румзаніда заканчвала завіваць лялек. Варона ўзрушана скакала вакол і падганяла прынцэсу:
– Досыць капацца! Я хутчэй трэску знайшла, чым ты на яе лялек замацуеш! Так і вяселле праваронім!
– Сама рабі, калі такая разумная! – узлавалася Румзаніда, але тут жа і аціхла: дужа есці хацелася, таму і сварыцца з варонай не выпадала.
Румзаніда стала з аднаго боку дарогі, варона – з другога. Прынцэса трымала ў руках “Неразлучнікаў”, а птушка ў дзюбе – кветкі, якіх нарвалі каля дарогі.
– Нешта поезд гэты ледзь цягнецца, – хмыкнула Румзаніда. – Можна было і не падганяць мяне.
Сапраўды, коні з цяжкасцю перастаўлялі ногі. А калі спыніліся, маладыя нібы нехаця выйшлі да “рагаткі”.
– Жадаем пары маладой дажыць да даты залатой! – пранізліва закрычала Варона недзе пачутае вясельнае пажаданне. – Каб вам добра жылося, смачна елася і пілося! – лётала яна вакол жаніха з нявестай, лапатала крыламі і сыпала на іх кветкамі з дзюбы. Выглядала гэта вельмі пацешна, і на стомленых тварах маладых, сватоў, шафераў і шаферак з’явіліся ўсмешкі.
– Ну, ты кажы! – штурханула варона ў плечы Румзаніду.
Прынцэса змагалася сама з сабой. Адна яе палавінка памятала час, калі Румзаніда сама раз’язджала ў карэце, таму дужа цяжка было скакаць зараз перад нейкімі лялькамі і цешыць іх. Але другая палавіна прынцэсы ўжо засвоіла, што ўласнае каралеўства пушчана пад зямлю, таму трэба неяк прызвычайвацца і жыць як набяжыць. Яшчэ прынцэсу моцна даймаў голад, і яна ўрэшце азвалася:
– Гэта вам! – торкнула ў рукі маладой сваіх “Неразлучнікаў”.
Маладая засмяялася, адной рукой узяла ляльку, другой прыгарнула да сябе Румзаніду і пацалавала яе.
– Дзякуем шчыра! Глянь, якія мілыя Неразлучнікі, – звярнулася яна да маладога.
–Прымем гэты падарунак за добры знак, – азваўся жаніх і, ненадоўга ажывіўшыся, зноў вяселле чамусьці аціхла і пазмрачнела.
Румзаніда разглядала маладых і гасцей – вытанчаных парцалянавых лялек у прыгожых строях з аксаміту і шоўку. Карэты, на якіх яны ехалі, былі аздобленыя залатымі і срэбнымі ўзорамі і запрэжаны белымі коньмі з доўгімі грывамі. Грывы пераліваліся на сонцы і нагадвалі вадаспад, у якім заблыталася вясёлка. Толькі чаму ж яны ўсе такія кіслыя, нібы мыла праглынуўшы?
– Як зваць цябе, мілае дзіця? – спытала нявеста, і Румзаніда ледзь не занатурылася. Каб яе дзіцём лялька называла! Але раптам убачыла тое, на што не зважала раней: сапраўды, у гэтай краіне лялькі былі ростам з людзей, а сама яна стала памерам з ляльку!
– Зінаіда! Яна Зіна-і-іда! – залямантавала варона. Дагэтуль яна бегала па дарозе і збірала ў Румзанідзіну торбачку цукеркі, якімі ў падзяку за віншаванне асыпалі “рагатку” сваты.
– Якая я табе Зінаіда! – тут ужо стрымацца прынцэса не магла. – Я прынцэса Румзаніда! – крыкнула яна, і з жахам пабачыла, як захваляваліся і зашапталіся, асуджальна круцячы галовамі, госці.
– Не слухайце вы яе! – яшчэ мацней залямантавала варона і, падляцеўшы, дзеўбанула Румзаніду так, што ў той ажно ў вачах пацямнела. – Ну, схлусіла я! Ну, абавязак мой такі – ахоўваць неразумнае дзіця! Так, гэта наша прынцэса Крум-Заніда! А Зінаідай я назвала яе выключна з канспірацыі! Мы падарожнічаем інкогніта! Добрая прынцэса хоча ведаць, як у Краіне жывецца маім супляменнікам.
Румзаніда ажно знямела ад такога нахабства, але варона галасіла так, што слова ўставіць было немагчыма.
– Ухваляю, Ваша Высокасць! – сказаў жаніх, паверыўшы варонінаму карканню, і пакланіўся прынцэсе. Пасля ён звярнуўся да нявесты: – Дарагая, вы гаспадыня, вы і запрашайце ў свой замак дарагіх гасцей!
– Ласкава просім! – усміхнулася нявеста.
Румзаніду пасадзілі ў карэту да маладых. А вароне нявеста дала даручэнне: ляцець наперадзе вясельнага поезда ў замак, які ўжо бачны ўдалечыні, і перадаць ляльцы Берагіні, каб гатовыя былі прыняць дарагую госцю – прынцэсу Крум-Заніду, апякунку варонінага роду.
– Як я пазнаю гэтую Берагіню? – забурчэла варона, раззлаваная тым, што Румзаніда паедзе ў карэце, а ёй трэба самой ляцець. – Не адна ж яна там засядае!
– Яна – галоўная ў нашым замку захавальніца агменю, – адказала нявеста, а яе сяброўкі зараз жа дасталі альбом з выяваю Берагіні і паказалі вароне. – Перадайце ёй мае словы і вось гэты пярсцёнак — знак ад мяне.
Пабачыўшы прыгожы віты пярсцёнак з вялікім каштоўным каменем, варона сцішылася. Паважаюць, калі такое багацце давяраюць! Варона ўзяла ў дзюбу пярсцёнак, наблізілася да Румзаніды і гучна сказала:
– Ваша Высокасць, прынцэса Крум-Заніда! Дзеля вашай выгоды і бяспекі дазвольце мне выканаць высокае даручэнне!
Пакуль Румзаніда кеміла, што адказаць, варона наблізілася да яе шчыльненька і сыкнула:
– Маўчы, Румзаніда-Зінаіда, калі ацалець хочаш!
Затым з самым рахманым выглядам памахала крыламі і знікла за даляглядам.
Алена МАСЛА
Не толькі казка цікавая, але і выразы ды параўнанні. «Варона правароніла», «грывы пераліваліся на сонцы і нагадвалі вадаспад, у якім заблыталася вясёлка», «кіслыя, нібы мыла праглынуўшы».