Палонная зорка
Арфаграфiя i пунктуацыя аўтара захаваны
Як жа багата ў нашым краі імшыстых шырокіх балот, якія цешаць душу заўсёдным спакоем, цішынёй, прыемным багуновым водарам!
Але трапляюцца сярод іх страшэнныя балоты, ў якіх жывуць чорныя пачвары, што зацягваюць да сябе людзей і звяроў. Гэтыя балоты пустыя і панылыя і называюць іх багнай, ці дрыгвой.
У адной гэткай дрыгве была ў палоне нават зорка.
Як яна туды трапіла, невядома. Мабыць, калі яна ўзыходзіла і была яшчэ невысока, яе збіў дзюбай крумкач, а, мабыць, яна зачапілася за елку. Магчыма, зорка заблукала ў тумане, ці яе напалохаў пугач. Хто яго ведае? Але ўпала зорка ў тую дрыгву. Ўзрадаваліся пачвары:
– Закат! Закат над балотам!
Накінуліся яны на зорку, заляпілі тванню яе прыгожыя вочы, затыкнулі брудам вушы; патанула зорка.
А непадалёк ад балота была вёска, ў ёй жылі людзі. Калі зорка ўпала, нешта перакулілася ў прасторы і людзі перасталі глядзець на неба. Забыліся на яго, і толькі і думалі як паесці ды змарнаваць час. Не сталі паважаць і любіць адзін аднаго. Не сталі глядзець адзін аднаму ў вочы, бо вочы гэта таксама неба, а глядзелі толькі ў зямлю.
З балота цяпер ішло незвычайнае цяпло. Ўзіму тут раставаў снег, а ўлетку засыхалі парасткі. Вада ва ўсім наваколлі пагарчэла і памутнела, стала чырвонай.
Кожны, хто ішоў паўз дрыгву, прыпыняўся ды слухаў як варушыцца недзе ў глыбіні зорка, як яна плача.
Шкадавалі людзі зорку, але і наракалі за тое, што сапсаваліся паветра і вада, што зніклі патрэбныя ўсім журавіны і мох.
Колькі часу гэтак доўжылася, невядома. Але потым зорка пачала ўздымацца. Не захацела яна вечна сядзець у балоце, не забылася хто яна.
Людзі адчулі як уздрыгвае пад нагамі зямля. Яны пайшлі да дрыгвы і ўбачылі там хвалі, якія раскочваліся па вадзе, і промні святла, што мільгалі ў глыбіні. Яны пачулі як цяжка дыхае зорка і вішчаць раз’юшаныя пачвары.
Вёска нібы прачнулася ад сну. Людзі гаварылі пра зорку і асцярожна паглядалі адзін аднаму ў вочы. Спачатку яшчэ былі, хто спрачаўся, хто казаў:
– Ці добра гэта, што зорка ўзыходзіць?
Але потым усе пагадзіліся, што гэтак і мае быць, зорка павінна быць на небе, там яе шлях.
Сталі выходзіць з лесу каб паглядзець на балота звяры. Яны нясмела падступалі да вады, нюхалі паветра і хутка ўцякалі назад, у гушчар.
Аднавілася прастора. Людзі ўбачылі неба. Іх сэрцы памякчэлі, і яны, як і раней, сталі лагоднымі і паважлівымі.
І вось неяк уначы першы прамень узняўся над балотам. Громка залямантавалі пачвары:
– Стой! Не пусцім! Нас будзеш грэць!
Затым зорка выпрастала другі, трэці прамень. Заззяла, зайграла рознымі фарбамі наваколле. Зорка ўбачыла месяц і іншыя зоркі. Радасна рушыла яна ўгору. Яе ўжо было не стрымаць. Чорныя слізкія змеі падалі ў балота, апаленыя яе разгараючымся полымем. Яны кідалі ёй услед праклёны і жудасна раўлі, шкадуючы, што не могуць больш яе смактаць. У рэшце рэшт зорка вырвалася з палону і пайшла на неба, каб заняць сваё месца.
Ў той вёсцы і зараз распавядаюць пра яе і водзяць гасцей на балота. Паказваючы ў неба, людзі кажуць:
– Яна паляцела вунь туды. Там наша зорка. Вунь яна.
Было гэта на нашай крыўскай зямлі. А, мабыць, яшчэ толькі будзе.
Зміцер Брэшчанка
Добры сказ! Больш для дарослых чым для дзяцей. Я так паняу, што балота-гэта наша галава,нашыя думки, у яких бываюць дрыгва ды плесень, а зорка-нашыя светлыя думки ад сэрца, якия зацягвае багна
жахау, смуты, ляноты. Так што будте уважливы, братки-крывичы, аб сваих зорках, не давайте им падать у балоты)