У Мінску хутка можа з’явіцца помнік Васілю Быкаву
У майстэрні скульптара Аляксандра Батвінёнка — творчы беспарадак. Са стэлажоў на гасцей паглядаюць Тэадор Нарбут (дарэчы, зямляк майстра), Уладзімір Караткевіч і многія іншыя значныя для нашай гісторыі персоны. Нядаўна тутэйшы «пантэон» папоўніўся макетам скульптуры яшчэ адной, без сумнення, выбітнай і легендарнай асобы — народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Некалькі гадоў у творчым тандэме з архітэктарам Арменам Сардаравым ішла праца над стварэннем помніка аднаму з самых вядомых у свеце пісьменнікаў-франтавікоў. Цяпер праект фактычна гатовы да рэалізацыі. Пра гісторыю працы над манументам карэспандэнту «Звязды» распавялі яго аўтары.
Класік, трохі згорбіўшыся, сядзіць у задуменнай позе. Яго рукі, сашчэпленыя разам, ляжаць на працоўным стале ў форме чырвонай пяціканцовай зоркі. Кожная з яе граняў сімвалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменніка. На макеце, які знаходзіцца ў майстэрні Аляксандра Батвінёнка, вытрымак, праўда, няма, але калі з’явіцца паўнавартасны помнік…
— За гэтую працу я ўзяўся ў першую чаргу таму, што сама персона Васіля Уладзіміравіча для мяне вельмі шмат значыць, — распавядае Армен Сардараў. — Найперш, гэта маладосць, студэнцкія гады. У далёкія ўжо 60-я ў нас быў сфарміраваны погляд на Вялікую Айчынную вайну, які я назваў бы парадна-пафасным. Не скажу, што гэта дрэннае ўспрыманне, бо на першы план у тагачасным мастацтве на ваенную тэматыку выходзіў савецкі народ, што правільна. Але раптам з’явіўся пісьменнік, які паставіў на галоўнае месца ў вайне асобу чалавека. Адчуванне няўпэўненасці, перажыванні, роздумы, уласцівыя ўсім нам, — гэта стала для нас адкрыццём. З таго ўсё пачалося, і творчасць Быкава не пакідае мяне ўсё маё жыццё.
— Творы Васіля Уладзіміравіча — гэта тое, што можна супрацьпаставіць сучаснасці, — кажа Аляксандр Батвінёнак. — Цяпер катэгорыі «чорнага» і «белага» амаль адсутнічаюць у нашым жыцці, мы пра многае гаворым усярэднена. А ў Васіля Быкава ўсё вельмі проста і, я лічу, правільна: ты альбо здраднік, або герой, трэцяга не бывае. Можна схавацца, збегчы, але выбар усё адно давядзецца зрабіць. Можа, менавіта з прычыны гэтага ўзнікае такі феномен — творы аўтара з цягам часу не проста захоўваюць актуальнасць, але і набываюць яе. Пісьменнік яскрава паказвае нам шляхі, якія вядуць або да пад’ёму, або да заняпаду, ён — выдатны маральны арыенцір.
Яшчэ ў 1982 годзе скульптар задумаў кампазіцыю — прысвячэнне франтавікам Беларусі ў якасці сваёй дыпломнай працы. У тым варыянце класік быў апрануты па-вайсковаму і быццам бы даваў прысягу. Праца трапіла на выставу, дзе яе набыла Акадэмія навук. Сучасны ж праект быў задуманы ўжо як помнік. «Ідэя — у першую чаргу ў папулярызацыі твораў Быкава, — тлумачыць Аляксандр Батвінёнак. — Для гэтага і выкарыстоўваюцца радкі з яго кніг. Гэта праслаўленне Быкава нават не як чалавека, з любымі яго праблемамі і асабістым жыццём, а як аўтара выдатных тэкстаў».
Адным з ініцыятараў праекта стаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і сябар Васіля Быкава Мікалай Чаргінец. Ён падтрымаў ідэю і дагэтуль аказвае аўтарам самую розную падтрымку. «Як чалавек, які таксама прайшоў вайну, Мікалай Іванавіч не можа не разумець значнасць помніка творчасці Васіля Быкава», — лічыць скульптар.
Манумент плануецца ўсталяваць побач з Домам літаратара на вуліцы Румянцава. Гэта цэнтр горада, але не самае шматлюднае месца. Чаму?
— Мы вельмі доўга шукалі пляцоўку, на якой Быкаў выглядаў бы арганічна, — кажа Армен Сардараў. — Хадзілі ў раёне парку Горкага, разглядалі фасады. Але найлепшым варыянтам падаўся менавіта гэты. Не сакрэт, што сам Васіль Уладзіміравіч быў вельмі замкнёным чалавекам, можна нават сказаць — пустэльнікам. Жыў у Гродне, а ў Мінск пераехаў толькі напрыканцы 70-х. Рэдка з’яўляўся на публіцы, і калі нешта сапраўды цаніў — то найперш сваіх блізкіх сяброў, калег па пісьменніцкім «цэху». Таму мы спыніліся на даволі камернай прасторы, без стаметровых плошчаў, на якіх ускладаюць вянкі. Вось тут — зусім побач, у цішыні — гэты чалавек. Думаю, такое месца будзе адпавядаць характару Васіля Уладзіміравіча. Ды і, я ўпэўнены, у такой прасторы гэты вобраз сам пакажа сябе, а пры сваёй архітэктурнай камернасці месца ўсё адно стане знакавым, дзякуючы помніку.
Па словах аўтараў, сваю ролю адыграе і плошча Перамогі, якая знаходзіцца зусім блізка. Там — велізарны манумент, грандыёзны па сваёй сіле, а зусім побач — помнік чалавеку, які паказаў, чаго была варта гэтая Перамога. Па задуме архітэктара, навакольная прастора таксама будзе зменена. У прыватнасці, абрысы зоркі будуць пераходзіць у чырвоны і чорны брук.
Асобна аўтары распавядаюць пра паралелі з папулярнай цяпер вулічнай скульптурай. Па словах Армена Сардарава, выкарыстанне помніка невялікага маштабу дазволіць гаварыць з гарадскімі жыхарамі на прывычнай ім мове і ў той жа час падкрэсліць сакральнасць вобраза Быкава. «Манумент будзе трохі большым за натуру, — кажа Аляксандр Батвінёнак, падымаючы макет вышэй. — Гэта зроблена дзеля таго, каб чалавек мог «размаўляць» з помнікам, не задзіраючы пры гэтым галавы. Рукі класіка будуць знаходзіцца на ўзроўні вачэй чалавека».
Сам вобраз створаны на аснове асабістых успамінаў аўтараў. Скульптар узгадвае, як хадзіў на творчыя сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам, якія праводзіў іх агульны сябра — Міхаіл Савіцкі. «Адзінае, аб чым шкадую, — кажа майстар, — пасаромеўся пазнаёміцца асабіста. Таму ў асноўным карыстаўся фотаматэрыяламі, відэаздымкамі, хаця і сам я нядрэнна памятаю знешні выгляд Васіля Уладзіміравіча. Калі адзначалася 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, мой драўляны макет выстаўляўся на экспазіцыі ў музеі Максіма Багдановіча і мне перадавалі словы ўдавы Быкава Ірыны аб тым, што вобраз атрымаўся вельмі падобным».
— Я мяркую, што калі цяпер такі помнік у Мінску з’явіцца, гэта стане надзвычай важнай падзеяй, — лічыць Аляксандр Батвінёнак. — На фоне таго, што адбываецца ў нашых суседзяў, калі знішчаецца памяць цэлых пакаленняў, калі слова «фашызм» перастае ўжывацца толькі ў гістарычным кантэксце, вобраз Быкава можа паказаць наша стаўленне да гэтага. Бо Васіль Уладзіміравіч быў самым зацятым барацьбітом з фашызмам, прычым ва ўсіх сэнсах. І самае галоўнае — за аўтара ўсё скажуць словы з яго твораў.
— Вярнуўшыся да вобраза Быкава, мы зможам сказаць пра вельмі важныя рэчы, асабліва нашай моладзі, — дадае Армен Сардараў. — Пры ўсім развіцці новых тэхналогій, дасягненнях прагрэсу, у душах маладых людзей працягваецца ўсё тая ж барацьба, што і заўсёды, — змаганне дабра са злом. І яшчэ адзін аспект — гэта народная памяць. Разбураючы многае ў нядаўнім мінулым, мы не задумаліся аб стварэнні новага. Як прыклад прывяду гісторыю з дэмантажом помніка Леніну ў сталіцы, які планаваўся напачатку 1990-х — я тады выступіў з асуджальным артыкулам у друку. Нават калі не ўздымаць пытання архітэктуры (а помнік Манізера ў ансамблі Лангбарда выглядае максімальна арганічна), то адмова ад уласнай памяці ні да чаго добрага не давядзе. Змагацца з праблемамі трэба спачатку ўнутры сябе, а не хапацца за помнікі. Падаць на калені ніхто ж не прымушае, але і ломам ламаць… Помнік Быкаву — гэта голас чалавека, які не дасць нам страціць сваю памяць.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Фота Надзеі БУЖАН.
Крынiца: ЗВЯЗДА