Як Заяц Вавёрачку ратаваў
Аднойчы зімой, калі лёг вялікі снег, Вавёрачка вырашыла наведаць свайго сябра Зайца. “Стану на лыжы, – падумала яна, – і праз пяць хвілін буду каля яго доміка. Разам пакатаемся з горак, а потым пап’ём салодкай гарбаты”.
Спусцілася Вавёрачка ў паветку, якую збудавалі для яе ў старым пні Заяц з Вожыкам. Абула лыжы. Але як толькі Вавёрачка выйшла, з хмызняку выскачыў вялізны Воўк і кінуўся да яе. Добра, што паветка была зусім блізка, а цяжкі Воўк загруз у снезе. Забегла Вавёрачка ў паветку і замкнулася. Воўк стаў тузаць дзверы, але адчыніць не здолеў: моцныя засаўкі зрабілі сябры.
– Выходзь, Вавёрка, а то горш будзе! – закрычаў Воўк.
“А што можа быць горш?” – падумала Вавёрка.
– Сядзі-сядзі ў сваім будане, усё адно я цябе дачакаюся.
– Чакай на марозе, колькі хочаш, а мне тут цёпла! – адказала Вавёрка і пачала захутвацца рознымі анучамі, што ляжалі ў паветцы.
Чакаў-чакаў Воўк, ды толькі дарэмна. Зусім змёрз, думаў ужо ўцякаць, але міма прабягала Ліса.
– Што робіш, шэры? – запытала яна.
– Вавёрку вартую. Замкнулася ў будане і не выходзіць.
– Давай дзверы выламім! – прапанавала Ліса.
– Не хопіць сіл. Пайду дадому, а то хутка ў лядзяш ператваруся.
– Пачакай. Думаеш, ёй там цёпла? Давай вартаваць па чарзе. Ідзі дадому, пагрэйся, а праз гадзіну вяртайся. А потым наадварот.
– Добра, – пагадзіўся Воўк і пайшоў.
А тым часам Заяц сам прыбег да паветкі, убачыў Лісу, заўважыў воўчыя сляды і ўсё зразумеў. Трэба ратаваць Вавёрку. Толькі як?
Раптам Заяц пачуў непадалёку гучны стрэл. Пэўна, злы Паляўнічы выйшаў на ловы. “Вось ён мне і дапаможа!” – падумаў Заяц.
Заяц пабег да Паляўнічага, паказаўся яму на вочы, ды яшчэ наўмысна кульгаць пачаў.
– Глядзі, Заяц! – узрадаваўся Паляўнічы. – Зараз я яго злаўлю.
Але як толькі чалавек набліжаўся да Зайца, той уцякаў.
“Шкада, сабаку не ўзяў, – падумаў Паляўнічы. – Але нічога, усё адно даганю”.
Тым часам Заяц прывёў Паляўнічага да паляны з Лісой. Чалавек адразу забыўся пра Зайца. Вядома ж, Ліса – лепшая здабыча, чым нейкі Заяц. Выхапіў Паляўнічы стрэльбу, але Ліса ўжо заўважыла небяспеку і пусцілася бегчы – не да Вавёркі стала. Паляўнічы кінуўся за ёй, ды толькі дзе ж яе дагоніш!
Калі Ліса і Паляўнічы зніклі ў лесе, Заяц падышоў да паветкі.
– Выходзь, Вавёрачка! Ужо нікога няма!
Адчыніла яна дзверы і выйшла ледзь жывая.
– Дзякуй табе, Зайчык.
– Пабеглі хутчэй дадому, а то хто-небудзь яшчэ вернецца!
Правёў Заяц Вавёрачку да яе дрэва і нават падсадзіў на ніжнюю галіну.
Алег Мельнікаў