Вершы Уладзiмiра Караткевiча
***
У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы,
Разгайдалася хмурынак бель,
І спявае пад тугім вятрыскам
Лугавы вясёлы жаўтазель.
Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз.
Любая, ў барах сівых радзіма,
Сын твой нарадзіўся тут і ўзрос.
Мова
Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую Вежу Адам
І няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, няродную нам.
І мая безвыходна пойдзе у змрок,
У атрутны, як вечнасць, цень,
Трапяткая і сіняя, як васілёк,
Гарачая, як прамень.
Я ні шчасця, ні будучых дзён не жадзён,
Хай пятля, хай памерці ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе…
Казка пра сноп
Восень чырванню ліст памячае.
Ўдзень ў гародзе пахне акроп…
Па шляхах пачарнелых дыбае,
З воза ўцёкшы, вясёлы сноп.
Сам такі таўшчэзны, пузаты,
Паяском перавіты ўвесь
Ў залацістым прыгожым халаце,
З буйным чубам на галаве.
Ён уцёк ад сваёй нявесты,
Што сасватаў Гуменнік яму.
Свет чырвоны вакол, пярэсты –
Проста на ногі стаў – і прамуй.
А нявеста яго шукае…
Вось ужо і зіма надышла,
Бач – сугорбак, рукой разрывае
І пад ім жаніха знайшла.
Пацямнеў ён, стаў шэрым як трэба,
Нежывым лёг пад белы плат,
Чуб асыпаўся ў мёрзлую глебу,
Пацямнеў залаты халат.
Плача-плача над ім дзяўчына…
Але вось пачарнелі гарбы,
Снег зароў у глыбокіх лагчынах,
Небасхіл пасміхнуўсь праз дубы.
І жаніх пацягнуўся сонны
І ажыў пад ветрам тугім,
Падаслаў пад сябе зялёны,
Малады, пушысты кілім.
Калі ж восень другая настала
З сумным шорахам пушч і гаёў –
У гумно нявеста ўязджала
З цэлым возам вясёлых снапоў.