Трамбон і туба
Маленькая сімфонія
Тата адчыніў перада мной дзверы, і для мяне адкрыўся новы свет. Я апынуўся ў велізарнай паўкруглай зале з трыма паверхамі сядзенняў, упрыгожаных чырвоным аксамітам, – у зале Опернага тэатра. Бацькі ўпершыню ўзялі мяне ў гэты чароўны музычны храм.
Я хацеў убачыць сцэну, але яна хавалася за вялікай заслонай. У аркестравай яме размясціўся сімфанічны аркестр, і кожны музыка або настройваў свой інструмент, або паўтараў сваю мелодыю. Мы сядзелі на балконе, адкуль я цудоўна бачыў усіх аркестрантаў: вось групы скрыпак, вось альты, віяланчэлі і кантрабасы, драўляныя духавыя (флейты, габоі, кларнеты, фаготы), медныя духавыя (труба, валторна, трамбон і туба).
З трамбонам і тубай я быў знаёмы найменш. Трамбон гучаннем нагадваў віяланчэль, але мелодыя яго гучала больш рашуча, цвёрда і гучна. Інструмент пакрыты золатам, таму адлюстроўвае кожны заблукалы праменьчык пражэктара. Раструб нагадаў мне кветку. А вось клапанаў-кнопачак, як у астатніх духавых інструментаў, у трамбона няма, замест іх – доўгая скручаная трубка ў выглядзе выгнутай аркі – куліса. Каб змяніць вышыню гука, музыка цягне кулісу ад сябе або наадварот.
Раструб тубы таксама нагадвае кветку, толькі ён большы. Гучаннем інструмент блізкі да кантрабаса і мае чатыры клапаны.
Я так уважліва разглядаў інструменты і прыслухоўваўся да іх, што нават не заўважыў, як праляцелі тры гадзіны оперы. Бацькі паабяцалі, што неўзабаве мы зноў наведаем тэатр.
Вальжына ПРОХАРАВА