Конкурс “Чароўны куфэрак”
Рознакаляровыя вожыкі
Казка
Праз лес, паміж каранёў старых ялінаў і волатаў-дубоў, паўз сунічныя паляны і непралазныя хмызы не шпарка і не павольна цякла рака. Хадзілі да вады звяры, зляталіся да яе птушкі – і ўсім было добра, бо багацце ракі належала кожнаму.
Аднойчы ў лесе каля самай ракі пасяліліся незвычайныя вожыкі. Былі яны рознакаляровыя – блакітныя, жоўтыя, ружовыя і нават аранжавыя. Дзівіліся на іх лясныя жыхары. Вожыкі будавалі надзвычай прыгожыя хаткі. Шматпавярховыя, з прывабнымі каляровымі дахамі і ўтульнымі пакоямі.
Праз колькі гадоў вожыкі засялілі ўсё наваколле рачулкі. I лясныя жыхары, ідучы на вадапой, заўсёды любаваліся калючымі звяркамі ды іх жытлом.
Але ў адзін летні дзень па дарозе да вадапою зайкі натрапілі на вялізны тын. Не абысці яго, не пераскочыць. Цягнуўся ён з абодвух бакоў ракі праз увесь лес. Падысці да вады можна было толькі ў некалькіх месцах. Ды там стаялі сапраўдныя гарматы з узброенай вартай. А вожыкі за ноч перафарбаваліся ў нейкі брудна-шэры колер. Відаць, звяркі змяшалі ўсе свае фарбы ў адну.
З таго часу на вадапой можна было трапіць толькі за плату вожыкам. Лясныя жыхары баяліся суровай варты і неслі плату за права карыстацца ракой. Нават мядзведзь і рысь – самыя моцныя драпежнікі ў лесе – не насмельваліся супраціўляцца.
Толькі маленькія мурашкі не скарыліся. Яны рыхтаваліся да бою і рабілі падкопы пад вежы. Аднойчы раніцай мурашыная армія рушыла ў паход. Маленькія мурашкі – за ўвесь звярыны свет! Тры дні біліся яны з шэрымі вожыкамі, а на чацвёрты ранак упалі вежы, абрынуліся муры. Вада зноў стала агульнай.
З далёкага бярлога вылез мядзведзь і зароў: “Мы перамаглі!” Загыркала рысь: “Наша перамога!”
Мурашкі тым часам вярнуліся да сваіх штодзённых спраў. Трэба было адбудоўваць усё зруйнаванае вайной. Ну а вожыкі зноў перафарбаваліся ў розныя колеры і папрасілі прабачэння ў лясных жыхароў.
Іван Астрамецкі,
г. Мінск, СШ № 185.
Восень
Абрывае восень
За лістком лісок.
Сёння роўна ў восем
Зазвініць званок.
Нам зусім не сумна
Хмарнаю парой,
Бо зляцеўся шумны
Наш вучнёўскі рой.
Раніцаю ў школу
Сыдземся мы зноў.
Колькі тут вясёлых
Жартаў і размоў!
Адплывае ў просінь
Лёгкі туманок.
Сёння роўна ў восем
Зазвініць званок.
Таццяна ЧАРНІГАВА,
Дзяржынскі раён, в. Скірманатава.
Разумны каточак
Выскачыла мышка –
Прыгожанькая пышка.
Выскачыў каточак –
Залаты лабочак.
Не стаў есці мышку,
Стаў чытаць ёй кніжку.
Альжбэта МАЛІШЭЎСКАЯ-СПРЫНЧАН,
г. Мінск, гімназія № 23.
Шчасце
Я – звычайная дзяўчынка,
А завуць мяне Крысцінка.
Неяк раптам запытала
У мяне матуля Ала:
“Для цябе што значыць шчасце?”
Не змагла ёй адказаць я.
І падумала адразу
З татам пашукаць адказу.
Расказаў тады мне тата,
Што для кожнага сваё
Існуе на свеце шчасце:
Для адных – сваё жыллё,
Для другіх – яно ў багацці,
Але ўсё гэта не тое,
Шчасце ёсць зусім другое.
Шчасце – калі ёсць здароўе,
Калі мы жывём з любоўю,
Калі побач мама, тата
І сяброў – поўная хата!
Раптам зразумела я:
Мы – шчаслівая сям’я!
Крысціна МІХАЛЁНАК,
г. Лагойск, СШ № 1.