Валторна
Маленькая сімфонія
Сёння тата ўзяў мяне на пошту, дзе яму трэба было адправіць ліст. Ліст у руках нёс я, бо мне надта хацелася самому ўкінуць яго ў паштовую скрыню. Нарэшце мы прыйшлі на пошту, тата набыў патрэбныя маркі і наклеіў іх на канверт – цяпер яго можна было адпраўляць. Я адчыніў “роцік” блакітнай паштовай скрыні і ўкінуў туды ліст. А заўважыўшы невялічкі малюнак на скрыні, адразу ў яго ўгледзеўся. Гэта была скручаная ў круг труба і канверт усярэдзіне. Такая эмблема пошты мне падалася крыху дзіўнай. Але тата распавёў, што вельмі даўно ганцы, якія перавозілі пошту, трубілі ў рог. Людзі чулі гэты сігнал і прыходзілі па свае лісты. У рог ужо даўно ніхто не трубіць, але ж ён застаўся міжнародным сімвалам пошты.
Але паштовы ражок – гэта продак аднаго важнага інструмента сімфанічнага аркестра – валторны. Валторна пераняла ў рога круглую форму і муштук, а набыла механізм з мноства выгнутых трубак (як у трубе), тры клавішы і больш шырокі раструб. Да таго ж, валторна вельмі гучная, як і рог, але на нізкіх нотах можа быць ціхай і ласкавай, быццам пяшчотны летні ветрык.
Вальжына ПРОХАРАВА