Грошык і таямнічы кошык
Аповесць-казка
10. Каштоўныя паперы
На гэты раз Грошык задаў вельмі просценькае пытанне:
– Скажы, Янка, што такое каштоўныя паперы?
– Грошы! – хмыкнуў Янка і патлумачыў, як выдатнік Школкі Грошыка. – Глядзі, грошы друкуюцца на паперы. Вось гэта папера і становіцца вельмі каштоўнай. За яе можна купіць што хочаш.
Грошык задаволены сваім вучнем. Але тут жа задае новае пытанне:
– А яшчэ якія паперы маюць вялікі кошт?
Янка называў кнігі пісьменнікаў і падручнікі, Біблію і карціны мастакоў на паперы, картоне. Ён нават прыгадаў, што даўным-даўно пісалі пісьмы на бяросце. Яна служала паперай і была вельмі каштоўнай.
Грошык задаволена цешыўся, што Янка назваў столькі гатункаў каштоўных папер. Пахваліў сябра за старанне ў ведах. Ды не прамінуў паправіць яго:
– Меркаванні твае, Янка, добрыя, але ж мы з табой вядзем фінансавую школку. Якія могуць быць апроч грошай каштоўныя паперы?
Янка прыкметна заморгаў вачыма, крыху нават пачырванеў і прызнаўся:
– Здаюся…
Грошык гэтага і чакаў. Ён, як Калабок, пракаціўся туды-сюды ад задавальнення, прыпыніўся, ускочыў на табурэтку, пераможна ўзняў угору рукі і аб’явіў:
– Акцыя!
– А што ты надумаўся прадаваць? – тут жа зацікавіўся Янка. – Мы з мамай хадзілі нядаўна ў “Еўраопт” і там была акцыя “Купляйце бананы па заніжанай цане”.
– Не, дружа, тое, што ты бачыў у магазіне, гэта прыём гандляроў – прадаць хутчэй тавар па нізкай якасці, – патлумачыў Грошык. – А я маю на ўвазе акцыі, як каштоўныя паперы, за якія можна купіць нават частку завода.
– Ага, тады я набуду крэсла дырэктара і буду кіраваць усімі.
– Не зусім так, – прыпыніў сябра Грошык. – Глядзі, цацачная фабрыка, напрыклад, не можа прыносіць жадаемых даходаў. Трэба ёй тэрмінова грошы, каб купіць новае абсталяванне, адрамантаваць будынкі. Прымаецца рашэнне: прадаць акцыі і хуценька абнавіць фабрыку. Усе хто купіў акцыі, становяцца акцыянерамі.
–Яны што, аддалі грошы фабрыцы, а ім якая выгода? – здзівіўся Янка.
–От ты ўжо і трапіў на мой “кручок” – задаволена ўсміхнуўся Грошык. – Канешне, рызыка ў акцыянераў ёсць. Але ж яны са сваім укладам становяцца ўдзельнікамі ўпраўлення фабрыкай. І калі справы наладзяцца, усе ўладальнікі акцый атрымаюць прыбытак. На мове фінансавай – гэта і ёсць дывідэнты.
– Ух ты, колькі будзе грошай! – парадаваўся Янка, як бы ў яго кішэні ўжо ляжалі акцыі цацачнай фабрыкі.
– Пачакай радавацца, – супыніў яго Янка. – Безумоўна, акцыі больш даходныя, чым звычайныя грашовыя ўклады. Але ж акцыянеры крыху і разыкуюць. А раптам фабрыка не будзе мець даходаў?
Янка задумаўся.
А Грошык працягваў урок:
– Акцыі прадаюцца на біржы. Там можна пакарыстацца паслугамі спецыялістаў, якіх называюць брокеры. Яны дапамогуць выбраць выгадныя, надзейныя акцыі.
– Слухай, Грошык, а што можна рабіць з тымі дывідэнтамі, якія выплаціць фабрыка?
–Хэ, што хочаш!.. Гэта тыя ж грошы. За іх можна набыць новыя акцыі ці патрэбную рэч. Твой даход, ты і думай, як яго патраціць.
– Цяпер я зразумеў, – сказаў Янка. – Вольныя грошы не павінны залежвацца. Яны мусяць працаваць, зарабляць новыя грошы.
– За такі вывад стаўлю табе дзясятку! – аб’явіў Грошык. – А дамашнее заданне будзе такое: падумай і адкажы, якія яшчэ існуюць фінансавыя каштоўныя паперы? Іх, дарэчы, можна купіць у банку “Грашовы куб”. Яны таксама, як уклады і акцыі, зберагаюць грошы і прыносяць прыбытак. Гэтыя каштоўныя паперы можна нават падарыць каму хочаш. І той, хто іх мае, той і атрымлівае ў банку грошы. Даю дзве падказкі: гэтыя каштоўныя паперы прыдумалі даўным даўно, і яны сапраўдныя толькі на пэўны час.
Янка ўважліва слухаў, відаць, зразумеў, што заданне не прастое, і тут жа прапанаваў:
– А можна зрабіць званок сябру?
– Канешне! – пагадзіўся Грошык. – Ты можаш нават абмеркаваць гэта заданне з татам, мамай, настаўнікам. Уключай навігатар мозга!..
Працяг у наступным нумары.
Уладзімір Ліпскі